Памер белых плямаў у ерчыкаў можа сведчыць пра генетычную якасць самцоў

чарнагаловы ерчык

Нядаўняе шматгадовае даследаванне паказала важнае значэнне белых плямаў у апярэнні самцоў чарнагаловых ерчыкаў (Saxicola rubicola). Памер плямаў павялічваецца ў іх з узростам і яны могуць дэманстраваць самкам генетычную якасць самца. 

На працягу 6 гадоў Francisco Oficialdegui і David Serrano вывучалі папуляцыю чорнагаловых ерчыкаў у Гішпаніі. Каб прааналізаваць дадзеныя пра белыя плямы, яны зрабілі іх прамеры ў 431 ерчыка, адначасова вызначаючы пол, узрост, фізічны стан і асноўныя ўмовы асяроддзя.

У самцоў і самак чорнагаловых ерчыкаў існуе выразны палавы дымарфізм. У самцоў, акрамя чорнай галавы, вялікія белыя плямы на плячах, шыі і надхвосці. Тады як самкі карычневатыя з меншага памеру белымі плямамі толькі на плячах. 

Аказалася, што ў самцоў пасля першай лінькі белыя плямы на крылах большага памеру, чым у самак. Акрамя гэтага, асабліва ў самцоў, з узростам яны павялічваюцца. У зімовым уборы, пасля лінькі, яны змяншаюцца і павялічваюцца вясной і іх памер звязаны з некаторымі фактарамі асяроддзя. Самцы, якія лінялі пасля больш цёплага лета, мелі большыя памерам плямы хутчэй за ўсё з-за лепшага харчавання, фізіялагічнага стану і магчымасці адпаведнага адрастання пёраў пад час лінькі.

Негледзячы на падобныя змены памераў, у самцоў адзначаны пастаянны, індывідуальны характар ‘малюнка’ белых плям на плячах і гэта сведчыць на карысць таго, што плямы могуць быць доўгатэрміновым індыкатарам якасці птушкі, адлюстроўвываць асаблівасці генатыпу і таму граць ключавую ролю ў выбары самкай партнёра і міжасабовых адносін паміж ерчыкамі.

Тым не менш, аўтары артыкула пішуць пра неабходнасць далейшага вывучэння значэння белых плям у жыцці ерчыкаў каб лепш зразумець ці ‘дзейнічае’ іх велічыня самастойна, ці ў сувязі з іншымі асаблівасцямі афарбоўкі і паводзін самцоў.

Крыніца: Oficialdegui, F J, and Serrano, D. 2024. Variability of a consistent trait: The size of the white wing patch in European Stonechats (Saxicola rubicola rubicola). Ibis. DOI: https://doi.org/10.1111/ibi.13252

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

На гэтую тэму:

Чым больш голай скуры на галаве, тым вышэйшы статус птушкі