
Перыяд неполаваспеласці - важны этап у жыццёвым цыкле птушак, які ўдзейнічае на іх далейшае развіццё і будучы досвед. Гэты час асабліва важны для тых драпежных птушак, якія дасягаюць палавой спеласці параўнальна позна. Міжнародная каманда арнітолагаў вывучала асаблівасці палавога даспявання і яго тэрміны ў вялікіх арляцоў (Clanga clanga) і іх гібрыдаў з малым арляцом (C. clanga x pomarina).
Вялікі арлец мае міжнародны статус уразлівага віду (Vu) і ў краінах Еўразвязу гняздуе толькі на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Фінляндыі і Эстоніі. У даследаванні выкарысталі дадзеныя, атрыманыя дзякуючы GPS перадатчыкам, размешчаным на 26 птушках (уключна з 11 гібрыдамі) у 2008-22 гг. з Польшчы і Эстоніі.
Аказалася, што з узростам плошча індывідуальных участкаў і на месцах гнездавання, і на месцах зімоўкі арляцоў змяншалася. Акрамя гэтага, з павелічэннем узросту вялікія арляцы раней прыляталі на месцы будучага размнажэння, хутчэй за ўсё для сінхранізацыі з дарослымі птушкамі (якія ўжо размнажаліся), каб павялічыць свае магчымасці канкураваць за тэрыторыю і партнёра. Таксама неполаваспелыя птушкі штогод павялічвалі прамежак часу, які праводзілі на патэнцыйных месцах гнездавання.
Некаторыя арляцы абмяжоўвалі свае перамяшчэнні ў гнездавы сезон да нейкай абранай праз іх тэрыторыі ўжо на 4-ы ці 5-ы календарны год жыцця, тады як іншыя прадпрымалі шырокамаштабныя палёты і да 7-га году. Маладыя самцы прадэманстравалі найбольшую філапатрыю і часта наведвалі гнёзды ўжо існуючых пар лакальнай папуляцыі (у якой самі прыйшлі на свет) перад тым, як пачаць самастойнае гнездаванне.
Першыя спробы гнездавання былі адзначаны паміж 3-м і 7-м календарным годам жыцця, аднак даказанае размнажэнне звычайна пачыналася пазней, паміж 8-м і 10-м календарным годам. 8 асобін (7 самцоў) пачалі гнездаваць на сярэдняй адлегласці 8,1 ± 7,3 км ад гнёздаў, дзе самі вылупіліся. Не было адзначана адрозненняў у паводзінах паміж гібрыдамі і вялікімі арляцамі.
Крыніца: Grzegorz Maciorowski, Michał Polakowski, Ülo Väli, Artur Golawski, Paweł Mirski, GPS tracking reveals range size and movement patterns in immature eagles (Clanga clanga and C. clanga x pomarina) with delayed maturation, Ornithology, 2025;, ukaf043, https://doi.org/10.1093/ornithology/ukaf043
Паводле https://academic.oup.com/ падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.birdlife.org
На гэтую тэму:
Вялікі арлец дасылае з падарожжа... СМС-кі!
Вялікі арлец з Польшчы застрэлены ў Чарнагорыі
Беларускі арлец над Святой зямлёй
За большим подорликом, окольцованным в Беларуси, почти две недели наблюдают польские орнитологи
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ