Малы лебедзь, якому ўжо 20 гадоў, упершыню зімаваў у Брытаніі

малы лебедзь

Самка малага лебедзя (Cygnus columbianus), вядомая як Галіна, першы раз прыляцела на зімоўку ў Вялікабрытанію. Закальцаваная яна была птушанём 20 гадоў таму на месцы вылуплення ў расійскай тундры ў дэльце Пячоры пад час стварэння маштабнай схемы маніторынгу віду ў Еўропе, якой займаўся брытанскі Wildfowl and Wetlands Trust (WWT) разам з арганізацыямі-партнёрамі.

На працягу зімы Галіну шмат разоў назіралі ў рэзерваце WWT у Slimbridge, куды яна прыляцела разам з самцом па мянушцы Grinner. Гэтага апошняга добра ведаюць у рэзерваце, куды ён прылятае зімаваць штогод з 2014 г.. Арнітолагі лічаць, што гэта новаствораная пара, хаця Галіне ўжо 20 гадоў. З-за таго, што звычайна менавіта самец выбірае дзе будзе зімаваць пара, Галіна прыляцела разам з ім у Slimbridge. Хутчэй за ўсё, яна ўжо трэцяя яго партнёрка.

Kane Brides, старэйшы даследчык WWT, сказаў: "З-за таго, што Галіна мае (акрамя металічнага) яшчэ і каляровае пластыкавае кальцо, мы ўжо ведаем, што раней яна зімавала і адзначалася ў Германіі, Нідэрландах, Францыі, Польшчы і Эстоніі. І яе прылёт у Slimbridge дэманструе важнасць існавання водна-балотных угоддзяў, якія ахоўваюцца, па ўсёй Еўропе”.

20 гадоў - вельмі паважны ўзрост для малага лебедзя, у сярэднім яны жывуць каля 10 гадоў.

Малыя лебедзі вывучаюцца ў рэзерваце Slimbridge апошнія 60 гадоў і гэта адны з самых працяглых даследаванняў асобнага віду птушак у Свеце. За гэты час там закальцавалі больш 10 тысяч лебедзяў.

Тым не менш, з-за пацяплення клімату ўсё менш прадстаўнікоў віду ляцяць зімаваць на Брытанскія астравы і ўсё больш прыпыняюцца на зімоўку ў краінах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, тым самым скарачаючы сваё падарожжа працягласцю ў 3,5 тысяч км да Вялікабрытаніі. У апошнія гады больш за 7 тысяч малых лебедзяў зімуюць у Даніі, Нідэрландах і Германіі.

Паводле www.wwt.org.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

За 25 гадоў колькасць малых лебедзяў на зімоўцы ў Еўропе зменшылася напалову

Дзе канкрэтна ім зімаваць малыя лебедзі выбіраюць на аснове надвор’я пад час міграцыі

Германія – новае важнае месца зімоўкі малых лебедзяў

Больш частыя сустрэчы малых лебедзей у Беларусі – вынік утварэння новых месцаў зімоўкі?

Месцы зімовак малых лебедзяў з Ямала- нечаканыя вынікі

Усё менш малых лебедзяў зімуюць у Вялікабрытаніі і Ірландыі