Птушкі Марока з пліяцэну

З’явілася першая дэталёвая навуковая праца, прысвечаная авіфауне палеанталагічнага раскопу, зробленага ў Ahl al Oughlam, недалёка ад сталіцы Марока, Касабланкі. Ад часу знаходак там шматлікіх акамянеласцяў мінула 25 год.

Акамянеласці маюць узрост каля 2,5 мільёнаў гадоў – як раз тады заканчваўся перыяд Пліяцэну. Марское ўзбярэжжа было на 6,5 км бліжэй, чым цяпер. Сярод знаходак атрымалася вызначыць парэшткі пярэстых качак Tadorna, савукоў Mergus, дропаў Otidae, олушаў Morus, ібісаў Geronticus, сіпухаў Tyto і паморнікаў Stercorarius, жаўтадзюбага буравеснiка Calonectris diomedea і ажно трох відаў альбатросаў: чорнаногага Phoebastria nigripes і караткахвостага P albatrus, (якія у наш час сустракаюцца толькі ў паўночнай частцы Ціхага акіяну), а таксама вызначыць вымерлы від P .anglica, да гэтага вядомы па акамянеласцях з Паўночнай Караліны (ЗША) і графства Саффалк (Suffolk), Англія.
Былі знойдзены і парэшткі вялізарнага продка сучасных пеліканаў і буслоў - Pelagornis mauretanicus. Акрамя памераў, від вядомы развіццём фальшывых зубоў уздоўж рэжучага краю доўгай дзюбы. Яшчэ адна цікавая знаходка – вымерлы страус вялікіх памераў Struthio asiaticus, які набліжае склад знойдзеных птушак больш да Заходняй Палеарктыкі. Неспадзяванкай сталі парэшткі савы-бярозаўкі Surnia robusta, віду, які цяпер распаўсюджаны выключна ў галарктычных барэальных лясах, а ў той час мог існаваць тут у дубовых лясах, рэшткі якіх і цяпер захаваліся ў Марока. Яшчэ адзін сюрпрыз – знаходка костак вялікіх відаў гагарак Alca sp..
Парэшткі альбатросаў і раней знаходзілі на паўночных узбярэжжах Атлантыкі, аднак дагэтуль застаюцца невядомымі прычыны іх поўнага тут знікнення. Магчыма, што пад час ахалоджвання клімату ледавікі выціснулі іх з гнездавых калоній у гэтым рэгіёне, а падняццё Панамскага перашыйку зрабіла немагчымым рэкаланізацыю пад час сучаснага межледавіковага перыяду.
Прыкладна ў канцы пліяцэну Паўночная Афрыка адчула хуткую арыдызацыю разам з Міжземнаморскім рэгіёнам, і акрамя тыповых для гэтага клімату страусаў і дропаў былі знойдзены і нетыповыя для сучаснага складу авіфауны птушкі: напрыклад, неразлучнікі Agapornis atlanticus. Яны маглі гнездаваць у скальных нішах, як гэта робяць сучасныя віды ў паўднёва-заходняй Афрыцы – напрыклад, ружова-твары неразлучнік A roseicollis.


Mourer-Chauviré, C and Geraads, D. (2010) The Upper Pliocene Avifauna of Ahl al Oughlam, Morocco. Systematics and Biogeography. Records of the Australian Museum 62: 157-184.

На малюнку – парэшткі Pelagornis mauretanicus з www.informaworld.com
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На гэтую тэму:
  МОА. Апошнія птушкі-гіганты.

Знойдзены парэшткі пелікана, якому 30 мільёнаў гадоў

Новыя віды выкапнёвых птушак

 На востраве хобітаў знойдзены парэшткі вялізарнага марабу