Даказана: самкі вялікіх сініц маюць лепшую памяць, чым самцы

У сытуацыях, калі трэба ўспомніць пра схаваныя рэшткі ежы, самкі вялікіх сініц (Parus major) нашмат лепш памятаюць пра іх месцазнаходжанне, чым самцы. Пра гэта паведамляе часопіс Behavioral Ecology and Sociobiology.

Гэтая здольнасць магла ўзнікнуць з-за таго, што самкі заўсёды на другіх ралях там, дзе ёсць ежа для падзелу паміж сініцамі – такое меркаванне выказалі шведзкія даследчыкі Эндэрс Бродзін (Anders Brodin) і Утку Урхан (Utku Urhan) з універсітэту Лунду (Lund University).

Яны змаглі паказаць адзін з нешматлікіх прыкладаў сярод птушак лепшых здольнасцяў самак чым самцоў да арыентацыі ў прасторы і навучання. 

Вялікія сігніцы – хуткія і добрыя вучні. Яны маюць разнастайныя шляхі пошуку ежы, якія могуць хутка змяняцца ў залежнасці ад сытуацыі. І нават выкарыстоўваюць для гэтага адмысловыя прылады - напрыклад, ігліцу галасемянных дрэваў. 

У адрозненне ад іншых відаў сямейства сініцавых, вялікія сініцы звычайна не робяць запасаў ежы. Аднак як Бродзін і Урхан паказалі ў сваёй папярэдняй рабоце, гэтыя птушкі могуць сачыць за іншымі відамі і запамінаюць месцы, дзе тыя хавалі свае запасы. А потым вяртаюцца да іх на працягу наступных 24 гадзін.

Каб праверыць ці існуюць полавыя адрозненні ў здольнасці знайсці схаваную іншымі ежу, навукоўцы трымалі ў вальеры некалькі вялікіх сініц, якія маглі назіраць, як у суседнім вальеры сівыя сініцы (Poecile palustris) робяць свае схованкі. Праз гадзіну, вялікія сініцы абодвух палоў выпускаліся ў гэты вальер і шукалі сабе ежу. Аказалася, што самкі пастаянна паказвалі лепшы вынік у параўнанні з самцамі.

Самцы вялікіх сініц былі здольнымі знайсці схаваную сівымі сінцамі ежу толькі ў 15% выпадкаў. Самкі ж знаходзілі схованкі ў 40% выпадкаў. Па дадзеных даследчыкаў, паказчык паспяховых спробаў знайсці схаваную ежу ў самак вялікіх сініц роўны паказчыкам іншых відаў сініц знайсці свае схованкі. 

Навукоўцы тлумачаць гэта тым, што ў групе вялікіх сініц заўсёды дамінуюць самцы, якія часта праганяюць самак ад знойдзенай па-за сезонам гнездавання ежы. 

“Тады як самцы маюць больш стабільную базу харчавання, самкі – як птушкі больш нізкага рангу – ўзімку часта вымушаны правяраць схованкі іншых птушак. Такім чынам лепшая памяць дапамагае ім лягчэй перажыць цяжкі час. 

Аднак такія здольнасці дапамагаюць самкам і ў іншы час. Бо калі самка вырашыць праігнараваць знойдзеную ёй схованку пакуль побач знаходзіцца самец, яе шанцы на тое, што пазней яна апынецца ў ежы адна і самец не адбярэ яе, толькі павялічваюцца” – растлумачылі біялагічную карысць знойдзенных адрозненняў Бродзін і Урхан. 

Паводле www.wildlifeextra.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Здымак самца вялікай сініцы Мікалая Вераб'я

 

На гэтую тэму:

СТАРЫЯ САМКІ СІНІЦ ГОРШЫЯ?

ВЯЛІКАЯ СІНІЦА ЗБУДАВАЛА ГНЯЗДО ВЯЛІЗАРНЫХ ПАМЕРАЎ

РАЗУМНЕЙШЫЯ САМЦЫ ПТУШАК МАЮЦЬ БОЛЬШ ШАНЦАЎ У САМАК

САМКІ НІЗКАГА РАНГУ ВЫБІРАЮЦЬ НІЗКАРАНГАВЫХ САМЦОЎ

ЧЫМ БОЛЬШ ГОЛАЙ СКУРЫ НА ГАЛАВЕ, ТЫМ ВЫШЭЙШЫ СТАТУС ПТУШКІ

 

Comments