Новы погляд на таксанамію лунёў

Хаця монафілетычнасць (паходжанне ад аднаго продка) прадстаўнікоў роду Луні Circus ніколі не ставілася пад сумнеў, аднак відавы статус  многіх, часта астраўных і знікаючых таксонаў, заставаўся не зусім зразумелым.   

Дзякуючы параўнанню генатыпаў (часткі мітахандрыяльных і ядзерных генаў) усіх дагэтуль прызнаваных падвідаў і відаў лунёў, атрымалася ацаніць іх дывергенцыю (ступень разыходжання і адрозення) і рэканструяваць філагенетычнае дрэва гэтай своеасаблівай групы драпежных птушак. 

Філагенетычныя дадзеныя пацвердзілі монафілетычнасць роду Circus і поліфілетычнасць роду Accipiter (шулякі). У залежнасці ад ацэнкі хуткасці “генетычнага гадзінніка” (хуткасці назапашвання мутацый, якія застаюцца ў генатыпах таксонаў, якія не абменваюцца генетычным матэрыялам), адасабленне клады лунёў ад шулякоў адбылося паміж 4,9 і 12,2 мільёнаў гадоў таму. Як раз у гэты час адбывалася фармаванне адкрытых наземных біятопаў па ўсяму свету, якія і выкарыстоўваюць прадстаўнікі роду ў сваёй большасці. 

Амерыканскі палявы лунь C. cyaneus hudsonius генетычна аказаўся больш блізкі да шэрага луня C. cinereus з Паўднёвай Амерыкі, а не да палявога луня C. cyaneus cyaneus sensu stricto. Таму навукоўцы прапануюць лічыць іх асобнымі відамі: C. hudsonius і C. cyaneus. [насамрэч, упершыню гэта прапанова, заснаваная на генетычных даследаваннях, прагучала яшчэ ў 1998 (Wink, 1998) – зацем перакл.]

Далей пацвердзілася, што афрыканскі балотны C. ranivorus і еўрапейскі балотны C. aeruginosus луні ёсць блізкімі відамі. Іншыя віды з клады балотных лунёў паказалі параўнальна невялікія генетычныя адрозненні. Гэта значыць, што яны адасобіліся нядаўна і фактычна дэманструюць  алапатрычнае (адасобленае геаграфічна) распаўсюджанне. Таму аўтары рэкамендуюць лічыць  C. approximans і C. spilonotus spilothorax падвідамі C. approximans. Для птушак, якія раней адносіліся да C. spilonotus spilonotus, C. maillardi maillardi і C. maillardi macrosceles, іх адрозненні ў афарбоўцы апярэння і морфаметрычныя асаблівасці, філагенетычныя адрозненні і геаграфічнае распаўсюджанне не даюць магчымасці аб’яднаць іх у адным відзе. Таму аўтары прапануюць лічыць іх параўнальна нядаўна ўзніклымі відамі: C. spilonotus (усходні балотны лунь), C. maillardi (мадагаскарскі балотны лунь) і C. macrosceles (каморскі балотны лунь). 

Сісітэматычнае становішча іншых відаў лунёў прапанавана не мяняць.

Біягеаграфічнае паходжанне групы застаецца незразумелым: яны маглі ўзнікнуць у Аўстраліі, Неатропіках або ў Палеарктыцы. Атрымалася аднак паказаць, што узнікненне новых відаў было звязана з вялікай дысперсіяй і міграцыямі продкаў. 

Крыніца:

Oatley, G, Simmons, R E, and Fuchs, J. 2015. A molecular phylogeny of the harriers (Circus, Accipitridae) indicate the role of long distance dispersal and migration in diversification. Molecular Phylogenetics and Evolution: doi:10.1016/j.ympev.2015.01.013.

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі 

Здымак самца еўрапейскага балотнага луня Мікалая Гулінскага

 

На гэтую тэму:

ПЕРААЦЭНКА КОЛЬКАСЦІ І СТАТУСУ: НА ЗЯМЛІ 10 425 ВІДАЎ ПТУШАК, КОЖНЫ 6-Ы ПАД ПАГРОЗАЙ ЗНІКНЕННЯ

Створана “Дрэва жыцця” для ўсіх відаў птушак

Таксанамічны статус пустынных соваў разблытаны?

Параўнальная генетыка крумкачовых – новы этап

Адзін від амерыканскіх лесак падзялілі на чатыры

Грычуноў больш відаў, чым сцвярджалі дагэтуль?

ШЭРАЯ І ЧОРНАЯ ВАРОНЫ ПАД ГЕНЕТЫЧНАЙ “ЛУПАЙ”