Белыя буслы: звалкі лепш, чым доўгія пералёты

 

Маладыя белыя буслы (Ciconia ciconia), якія зімуюць паблізу звалак замест таго, каб ляцець на далёкія былыя месцы зімоўкі віду, маюць больш шанцаў дажыць да вясны – такія вынікі атрымала вялікая міжнародная каманда даследчыкаў. Буслы як мінімум з некаторых папуляцый аказаліся яшчэ адным відам птушак, якія значна змянілі міграцыйныя паводзіны з-за дзейнасці чалавека. 

Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму ўсе еўрапейскія белыя буслы былі пералётнымі птушкамі. Аднак цяпер у іх ёсць выбар – замест доўгай і небяспечнай міграцыі застацца зімаваць побач са звалкамі смецця.

Белыя буслы, якія зімуюць паблізу звалак замест таго, каб ляцець на далёкія былыя месцы зімоўкі віду, маюць больш шанцаў дажыць да вясны – такія вынікі атрымала вялікая міжнародная каманда даследчыкаў. Буслы як мінімум з некаторых папуляцый аказаліся яшчэ адным відам птушак, якія значна змянілі міграцыйныя паводзіны з-за дзейнасці чалавека. 

Белы бусел гняздуе на вялікай тэрыторыі – ад Партугаліі і Гішпаніі на захадзе да Заходняй Азіі на ўсходзе і Паўночнай Афрыкі на поўдні. Міжнародная каманда арнітолагаў пад кіраўніцтвам д-ра Андрэі Флак (Dr Andrea Flack) з Інстытуту арніталогіі імя Макса Планка (Max Planck Institute for Ornithology), Германія з дапамогай GPS-перадатчыкаў прасачыла за месцамі зімоўкі 70 маладых буслоў першага году жыцця з 8 розных папуляцый, а менавіта з Арменіі, Грэцыі, Польшчы, Расіі, Гішпаніі, Германіі, Тунісу і Узбекістану першыя пяць месяцаў пасля іх вылету з гнёздаў.

Маладыя буслы з Расіі, Польшчы і Грэцыі традыцыйна адляцелі на зімоўку добра вядомым даследчыкам т.зв. “усходнім шляхам” на поўдзень ажно ў Паўднёвую Афрыку. Аднак птушкі з Гішпаніі, Туніса і Германіі, хаця таксама паляцелі на зімоўку, аднак іх канечным пунктам сталі звалкі на поўнач ад Сахары. Буслы з Арменіі ў сярэднім праляцелі амаль 1000 км у краіны Персідскага заліву, тады як узбекскія птушкі засталіся зімаваць у сваёй краіне вакол Ташкента і не далей, чым 150 км ад месца нараджэння!

Большасць маладых буслоў, якія засталіся ў Афрыцы на поўнач ад Сахары, выжылі дзякуючы харчаванню на звалках, што дазволіла з’эканоміць шмат энергіі за кошт адсутнасці далёкадыстанцыйных пералётаў.

Тым часам, узбекскія буслы хутчэй за ўсё харчаваліся на рыбных сажалках у сваёй краіне замест ляцець на зімоўку ў Афганістан і Пакістан, што паўсюдна назіралася раней.

Д-р Флак сказала, што белыя буслы змянілі свае міграцыйныя паводзіны і трасы там, дзе гэта прыносіць свае карысці для віду. “Тыя птушкі, якія зімавалі на поўнач ад Сахары, карысталіся вялікай колькасцю даступнай ежы на звалках у Марока. Аднак такая дыета нясе і пагрозу – адна памылка і птушка можа атруціцца і загінуць.”

Невядома, як могуць змяніцца ролі ў тых экасістэмах, дзе харчаванне “ад чалавека” значна змяняе паводзіны птушак. Дагэтуль некаторыя дадзеныя атрыманы толькі для лесак-чарнагаловак (Sylvia atricapilla) з Германіі, якіая змянілі былыя месцы зімоўкі ў Гішпаніі і Партугаліі на Вялікабрытанію, дзе знаходзяць цяпер дастаткова лагодныя зімы і шмат даступнага харчавання на птушыных сталоўках. Тым больш важнымі будуць вынікі даўгатэрміновых даследаванняў на падобныя тэмы, атрыманыя для іншых відаў птушак. 

Крыніца:

Flack A. et al. (2016) Costs of migratory decisions: A comparison across eight white stork populations. Science Advances  22 Jan 2016: Vol. 2, no. 1, e1500931 DOI:10.1126/sciadv.1500931

Паводле www.bbc.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак зімуючых белых буслоў на Сінайскім паўвостраве (Егіпет) Дзьмітрыя Вінчэўскага

 

На гэтую тэму:

Чаму белыя буслы больш не хочуць ляцець у Афрыку?

Дадатковае харчаванне для птушак можа змяншаць іх поспех гнездавання

Карміць птушак ці не?

Дадатковае зімовае харчаванне змяніла месцы зімоўкі лесак-чарнагаловак

Белыя буслы ўпадабалі цэнтр Гродна |

LOVE OVER FOOD - НЕВЕРАГОДНА: ПТУШКІ ВЫБІРАЮЦЬ КАХАННЕ ЗАМЕСТ ЕЖЫ

СПАДАРОЖНІКАВЫЯ ПЕРАДАТЧЫКІ АСЛАБЛЯЮЦЬ КАЧАК-ШЫЛАХВОСТАК?

 

Comments

Дзякуй, Дзіма, за папулярны пераказ вельмі цікавага артыкула! Цяпер больш людзей змогуць аб гэтым даведацца. Каляровае кальцо нашага бусла ў Ізраілі, пра якога піша Юра, таксама адчытаны на звалцы. Так што і нашыя паступова пачынаюць ленавацца.

Ён жа там не адзін зімуе, напэўна і сябры ў яго ёсць на гэтай звалцы. Цікава будзе паглядзець, як гэта будзе мяняцца з часам. Можа праз гадоў дваццаць яны наогул адмовяцца ад пералётаў ў паўднёвую Афрыку