Падыходзячы да вусця Гараднічанкі яшчэ здалёк я ўбачыў, што там пасля чарговай навальніцы адбыліся яўныя змены: рэчка прынесла ў Нёман шмат новага пяску і мулу і гэта мялізна шырока разыходзілася ў рацэ. І яшчэ, акрамя камянёў і будаўнічага смецця нарэшце з'явіліся і кавалкі дрэваў, якія выступаюць над вадой так, каб прыцягнуць увагу каляводных птушак - на іх ім будзе зручна адпачываць, а зімародку - зручна рыбачыць.
Але з'явілася і нешта яшчэ - вертыкальнае, тонкае і зграбнае. І яно рухалася. Шэрая чапля (Ardea cinerea) упершыню з вясны прыляцела сюды рыбачыць.
Нічога асабліва цікавага я ад яе не чакаў, але чапля прыемна здзівіла мяне, а можа і сябе. На працягу 7 хвілін з моманту як яна паціху выйшла на адкрытую ваду з рагоза і вярнулася ў яго, яна двойчы і з першага раза (!) злавіла 2 параўнальна вялікія рыбіны!
І хаця птушка знешне выглядала не вельмі дагледжанай, але як гэта звычайна бывае, каб быць паспяховым у сваёй справе важны не толькі добры выгляд.
Чапля хутка праглынула сваю здабычу і пасля другой вярнулася ў высокі рагоз на беразе. А я пайшоў здымаць іншых птушак.
25-06-2021, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
arktous - 28.06.2021 - 09:37
Отлично! У этого рыбака рыба…
Отлично! У этого рыбака рыба всегда клюет.