Дакументацыйныя здымкі і відэа
Хутка месяц, як на падворку пачатковай школы не бегаюць дзеці - летнія канікулы важная і патрэбная справа не толькі для іх.
Як раз на прыканцы мая выпрыгваюць са сваіх гнёздаў птушаняты многіх відаў вераб'іных птушак, якія гняздуюць у горадзе, і, вядома, на абсажаным дрэвамі і кустамі падворку і навокал школы. Няма чалавечых дзетак - няма і турбавання птушыных тут.
Але людзі зрэдку ўсё ж з'яўляюцца і выкашваюць высокую траву, дапамагаючы гэтым мясцовым дарослым і маладым птушкам у пошуках ежы: каму становіцца лягчэй бачыць насякомых і павукоў, а каму і знаходзіць насенне на пазасталых нізкіх раслінах.
Як аказалася, дапамагюць самі таго не ведаючы не толькі ў гэтым. Невялікая чародка з некалькіх палявых вераб'ёў (Passer montanus), якая выбірала насенне на нізка скошаным траўніку на падворку школы, раптам узляцела і прызямлілася на ўжо падрыхтаваны імі значна раней разрыты ўчастак глебы. І там пачаліся "земляныя ванны":
Канешне, я бачыў і нават здымаў падобныя сцэнкі і раней. Але тут была цікавая асаблівасць, і не адна. Цяжка сказаць, ці вераб'і стварылі гэтыя паглыбленні цалкам самастойна ці выкарысталі нешта, што ўжо было там да іх.
Па першае, гэта быў не пясок, а менавіта голы ўчастак глебы. Пыл там падымаўся птушкамі шыкоўны.
Па-другое, адна ямка была ўжо настолькі глыбокай, што верабей там амаль знікаў з галавой. І гэтае "месца для купання" было там самыv жаданым - як бачна на відэа, нават калі яна была ўжо занятая, менавіта туды стараліся трапіць іншыя. На што і атрымлівалі прамы і хуткі адпор)
На другі дзень ямкі-ванны доўгі час не былі занятыя. Толькі аднойчы пры мне туды прыляцеў адзін верабей і то прабыў там нядоўга.
Або зямля яшчэ як след не прасохла пасля начнога дажджу і таму патрэбны эфект не мог быць дасягнуты, ці то падобныя гігіенічныя працэдуры патрэбныя вераб'ям не кожны дзень.
У бліжэйшыя дні гэта стане лепш зразумела.
Гродна, 27 -28.06.2021
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ