Дакументацыйныя здымкі
Калі прыкладна 10 дзён таму я ўбачыў першую пару шэрых варон (Corvus (corone) cornix), якія правяралі сваё старае гняздо, па чарзе седзячы ў ім, я і не думаў, што стану сведкай жорсткіх разборак паміж рознымі парамі варон зусім побач, у невялікім скверыку.
А справа аказалася ў падзеле высцілкі для гнязда – бо аснова з галінак пэўна ўжо была праверана, папраўлена і для больш камфортнай адкладкі яек і іх наступнай інкубацыі не хапала менавіта яе. На адлегласці ў некалькі метраў адна ад адной у збіранні кавалкаў кары і падобнага расліннага матэрыялу шчыравалі ажно тры пары варон, што мяне моцна здзівіла. Але гэтага дабра на зямлі пад дрэвамі было шмат, і птушкі, як мне падалося, нават ‘выдурняліся’ – набіралі поўную дзюбу матэрыялу ў адным месцы, потым кідалі гэта і тое самае рабілі ў метры ад папярэдняга месца збору.
І вось хутка гэтая ідылія скончылася – іншая пара варон (якія і былі пэўна сапраўднымі гаспадарамі гэтай тэрыторыі), атакавала з паветра адну з пар збіральнікаў, і тыя былі вымушаны хутка адлятаць з тым, што паспелі набраць у дзюбы:
Праз некалькі секундаў ў скверыку не засталося ніводнай з варон. Але ўвечары адна з параў (ізноў) была там і збірала нейкі падобны на пух матэрыял. Яўна для яшчэ лепшай высцілкі гнязда.
Гродна, 20-03-2023
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ