Цёплы і сонечны ранак спрыяў чаканню сустрэч з новымі для вясны відамі. І такія віды сапраўды сустрэліся на працягу дня. А першым з іх стаў самец палявой падкаменкі (Oenanthe oenanthe).
Сваю негучную і блытаную песенку ён спяваў, седзячы на даху прыбярэжнай карчмы. Месца было тым самым, дзе я штогод сустракаў у першай палове красавіка дарослых падкаменак, а потым, летам, і ўжо лётных птушанят. Так што, хутчэй за ўсё, вярнуўся адзін з пары 'старых гаспадароў', а не нехта з новых. Але можа быць і так, што месца гэтае настолькі пасуе для гнездавання падкаменак, што адразу і першым прыглянулася і новаму самцу. Ці гэта так, будзе бачна ў наступныя дні.
Спяваў ён хвілін 5-6, а потым вырашыў праверыць 'умовы харчавання' навокал карчмы. Для гэтага ён у два этапы зляцеў спачатку на газон, а потым паскакаў на скошаны лужок у пошуках дробных безхрыбетных. Усё толькі пачынаецца.
08-04-2023, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 10.04.2023 - 08:00
Такія добрыя здымкі…
Такія добрыя здымкі. Падкаменкі своеасаблівыя птушачкі, і іх цікава здымаць. Чытаў, што самцы каменкі не адрозніваюцца манагамнасцю - адначасова яны могуць пасяліць у сваё гняздо дзве самкі.
Harrier - 10.04.2023 - 09:30
Дзякуй за добрыя словы! …
Дзякуй за добрыя словы!
Многія віды аказаліся не зусім манагамамі ці зусім не манагамамі паводле даследаванняў у апошнія дзесяцігоддзі. Але пра падкаменак такого яшчэ не чытаў.
Пра сэкс птушак і змены нашых уяўленняў пра гэты бок іх жыцця
Apus - 11.04.2023 - 20:16
Разам з кветкамі і зелянінай…
Разам з кветкамі і зелянінай супер выглядае, гэта не так часта пабачыш!