У гэтым годзе ў нас чамусьці слабы ўраджай у клёнаў і пенсільванскіх ясеняў, а іх насенне - асноўны зімовы корм для гілёў (Pyrrhula pyrrhula). Яшчэ гілі, канешне, ядуць і насенне ясеняў (але іх у горадзе вобмаль), збіраюць яго з рознага пустазелля ціпа крапівы, а таксама 'дастаюць' з розных ягад. Але ўсё гэта толькі дадаткі да 'асноўнага блюда' - крылатак клёнаў і пенсільванскіх ясеняў.
І тое, што на многіх дрэвах няма патрэбнай гілям ежы, прымушае іх засяродзіцца на параўнальна невялікай колькасці тых клёнаў і пенсільванскіх ясеняў, дзе тое насенне ёсць. І гэта - як і іх пазыўкі "Гіль? Гіль!" - значна аблягчаюць іх пошукі. Звычайна птушкі, калі іх не турбуюць людзі ці драпежнікі, могуць амаль без перапынку харчавацца на тых самых дрэвах з дня ў дзень гадзінамі, выбіраючы найбольш смачнае (?) і пералятаючы да яго з галіны на галіну ці на бліжэйшыя дрэвы. Але перапынкі ўсё ж неабходныя і робяцца яны для таго, каб ...папіць. Калі недзе побач ёсць рэчка, ручаіна ці незамёрзлая калужына, ахвотна ляцяць і п'юць ваду з іх. А калі адкрытай даступнай вады няма - таксама не праблема, бо гілі без праблем хапаюць дзюбай і п'юць ...снег (гл. здымкі ніжэй)! І часам робяць гэта зусім побач на тых самых галінках, з якіх абрываюць крылаткі.
Зразумела, што такія 'кормныя' для гілёў дрэвы можа лёгка пазнаць узімку нават тады, калі на іх яшчэ не прыляцелі сёння ці ўжо адляцелі гілі - пад імі на снезе будзе шмат крылатак ці маленькіх 'верацёнак' ад насння пенсільванскага ясеня. Канешне, гэтае насенне паступова ападае і самастойна, асабліва пад час моцных вятроў. Але гілі, без сумневу, у гэтым моцна `дапамагаюць`, бо проста кідаюць вылушчаныя абалонкі пад дрэвы, якіх штодзень з'ядаюць сотні.
Чым бліжэй да вясны, тым менш асноўнай зімовай, ды і неасноўнай ежы застаецца - усё паступова з'ядаецца птушкамі. Таму гілі пераходзяць на пупышкі лісцевых дрэваў, аднак цяпер гэта яшчэ яўна непапулярная для іх ежа.
Гродна, 06-08 і 11.12.2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ