Амаль праз месяц пасля прылёта і заняцця гнездавых тэрыторый - рознага, але пераважна зусім невялікіх памерам купін трыснягу, самцы драздовых чаротавак (Acrocephalus arundinaceus) змянілі месца сваіх спеваў. І калі раней яны спявалі больш з нешматлікіх, але самых высокіх сцяблін сухога трыснягу, цяпер усё часцей іх гучныя песні раздаваліся з густых зялёных зараснікаў. Зялёны трыснёг хаця яшчэ і не дагнаў вышынёй самы высокі сухі, але розніца ў 50-70 см ужо не была такой катастрафічнай як яшчэ тыдзень таму. А спяваць з густой і зялёнай часткі трысняговых купін усё ж нашмат бяспечней, чым адкрыта седзячы на сухіх сцяблінах. А адзін з 6 самцоў, за якімі я мог фактычна штодзень назіраць, нават змяніў свой невялікі і малавыгодны ўчастак з вельмі рэдкімі сухімі сцяблінамі трыснягу на большы памерам, але цалкам зялёны на супрацьлеглым беразе і амаль увесь час цяпер спяваў адтуль.
Аднак паступова, за наступныя дзён 10 і гэтыя песні з зялёнага трыснягу 'скончыліся' - пэўна ў самцоў з'явіліся абавязкі прыносіць усё больш і больш ежы падрослым птушанятам і траціць час на спевы ўжо не атрымлівалася. І вось, калі ўжо пачалі забывацца гучныя і рэзкія гукі драздовых чаротавак уздоўж набярэжнай, 20 чэрвеня іх выкананне пачало аднаўляцца то з адной, то з другой купіны трыснягу. А на наступны дзень спявалі ўжо ўсе 6 самцоў - вельмі магчыма, што яны спрабавалі свае шанцы ўтрымаць ці знайсці новую партнёрку для другога за сезон гнездавання. А калі так, то каб утрымаць ці прывабіць варта дэманстраваць сябе і магчымае месца гнездавання.
31.05-04.06.2024, Нёман у Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ