Адной восеньскай раніцай амаль адразу за т.зв. старым мастом праз Нёман у першым жа невысокім амерыканскім клёне я яшчэ здалёк пачуў высокія піскі-крыкі і ўжо ведаў, што гэта нехта з насеннеядных відаў выпрошвае ежу ў сваіх бацькоў. Хаця гукі гэтыя былі выразнымі, не мянялі 'свайго становішча' і раздаваліся пастаянна, убачыць тых, хто іх выдаваў праз густую лістоту, аказалася нялёгкай справай.
І вось праз некалькі хвілін чакання мне пашанцавала - адно з галодных птушанят пераляцела на новае месца і аказалася ўсяго у 4-5 метрах ад мяне на іншым дрэўцы. Прычым крычаць-пішчаць яно не пераставала, як і яго сіблінгі ў іншых месцах:
Па ярка-жоўтай палосцы на кароткіх крылах я пазнаў злётка чорнагаловага шчыгела (Carduelis carduelis), іншыя ж дэталі апярэння былі хучэй камуфляжнымі і ніяк не нагадвалі яго яркіх бацькоў. На галаве (і не толькі) у яго вытыркаліся доўгія пушынкі, якія ў камбінацыі з кароценькім хвосцікам выклікалі ўсмешку. Часам птушанё на секунды заплюшчвала вочы, але і тады пішчаць-крычаць не пераставала. Я ўсё чакаў - калі ж нехта з бацькоў пакорміць яго? Але пры мне гэтага не адбылося, перадачы насення з дзюбы ў дзюбы адбываліся на іншых дрэвах побач, толькі зняць іх аказалася цяжкавата.
У той самы дзень увечары птушаняты шчыгелаў працягвалі гукамі пазначаць сваё месца знаходжанне ўсё так жа настойліва і пастаянна. А вось у наступныя 3 дні паводзіны іх змяніліся. Як і знешні выгляд - хвосцік пачаў адрастаць, пух выпаў і яны пачыналі пішчаць толькі тады, калі бачылі недзе дарослых шчыгелаў. Але калі гэта пачынаў рабіць адзін, да яго далучаліся ўсе іншыя. Сядзелі яны хаця і на невялікай адлегласці адно ад аднаго максімум у некалькіх метрах на тым самым або суседніх дрэвах, але ўсе трымаліся прысадаў не далей, чым 15-20 м ад дрэва, дзе я іх пачуў упершыню.
Хутчэй за ўсё, гэта быў ужо трэці запар вывадак шчыгелаў у гэтым сезоне. Але як аказалася на другі дзень маіх назіранняў за ім, не толькі шчыгелы маглі чуць і бачыць свой паспех. На тым жа дрэве, і таксама з характэрным піскам-крыкам, паказаліся яшчэ і злёткі зелянушак (C. chloris) - аднаго з іх вы можаце самастойна знайсці на здымках ніжэй.
Гродна, 05-09.09.2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ