Заканчэнне гісторыі. Пачатак ТУТ
Калі першы спосаб павелічэння сваёй зімовай тэрыторыі крапіўнікамі (T. troglodytes) выглядае цалкам лагічна і фактычна безканфліктна для яго суседзяў, другі, не менш лагічны, аказаўся нечаканым для мяне. І калі б я не стаў сведкам таго, як гэта можа быць, напэўна і не здагадаўся б, што гэта магчыма.
Адзін з крапіўнікаў пры мне выляцеў з адной са сваіх схованак на беразе Нёмана, якая часцей за ўсё ўяўляе з сябе нейкую вельмі абмежаваную прастору без снега ўздоўж ствала невялікіх і нятоўстых дрэўцаў або месца, адкуль расце куст і пачаў з рэгулярнымі праверкамі іншых падобных месцаў уздоўж ракі, паступова пералятаць усё далей і далей ад сваёй зімовай тэрыторыі. Хутчэй за ўсё каб пазбегнуць непажаданых тэрытарыяльных канфліктаў з суседзямі, увесь яго шлях працягласцю не менш 250 м адбываўся цалкам ціха, без тэрытарыяльнага трэску і птушка яўна не прэтэндавала (пакуль што?) на 'не сваё'. Але, як гэта не дзіўна, ніхто і нідзе яго з іншых крапіўнікаў не пагнаў. Або яны не заўважылі парушальніка (бо маглі быць вышэй = не на самім беразе), або зрабілі выгляд, што не заўважылі, або як мінімум некаторыя - калі не ўсе - тэрыторыі засталіся без гаспадароў.
Думаю, што менавіта гэта і правяраў, заадно займаючыся пошукам ежы, 'мой' крапіўнік. Бо сапраўды, асабліва такой марознай зімой некаторыя з суседзяў могуць пакінуць свае ранейшыя тэрыторыі ў пошуках іншых (лепшых), а некаторыя могуць і загінуць і тады месца да заняцця яго іншым крапіўнікам застанецца без гаспадара. А калі не правяраць гэта як мінімум час ад часу, то яўна не даведаешся, што можна або пашырыць сваю тэрыторыю, або хаця б нейкі час карыстацца яшчэ і з 'пустой'.
Крапіўнік даляцеў да месца на беразе, дзе ўсю восень шчыльна сядзелі дзесяткі рыбакоў і амаль цалкам знішчылі там нават травяністую расліннасць. Кусты і дрэўцы скончыліся і каб праверыць наступныя, яму прыйшлося б ляцець праз адкрытае месца каля 30 метраў. Ён вырашыў гэтага не рабіць і гэтак жа няспешна, з пошукам ежы, павярнуў назад.
Гродна, 13-01-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ