Я не ведаю колькі ў кустах і дрэвах ніжэй за верхні край надпойменнай тэрасы Нёмана сядзела злёткаў звычайнай рудахвосткі (Ph. phoenicurus) - бо іх не было бачна, толькі чутно. Яны гучна і высока трашчалі кожны раз, калі нехта з дарослых прылятаў іх карміць. А адбывалася гэта часта дзякуючы параўнальна лёгкай крыніцы ежы, якой спрытна і раз за разам карысталася самка.
Ежай ж гэтай, якая ў мяне асацыявалася з фастфудам (настолькі хутка яе можна было 'атрымаць'), былі кукалкі мурашоў, якія самка рудахвосткі спраўна даставала з нейкіх выйсцяў з мурашніка, якіх я не бачыў, а яна - так. Мурашнік жа размяшчаўся недзе паміж грыбамі ў сухім ствале амерыканскага клёна. Нават не ствале, а высокім пні метры ў 3-3,5 вышынёй, які нават быў пазначаны аранжавай фарбай пад спілаванне, але заставаўся там стаяць яўна не першы год.
Час ад часу самка спрабавала шукаць паблізу і іншую здабычу для птушанят і сядала на гэтым жа пні як мага вышэй каб пільна агледзець навакольле. Але нічога цікавага не бачыла нават зверху і злятала ўніз, дзе набірала чарговую порцыю мурашыных кукалак і адносіла малым. Самец жа хаця і прыносіў злёткам ежу значна радзей за самку, мурашнікам не зацікавіўся, а можа проста не хацеў ствараць канкурэнцыю самцы.
"- Ну вось, хоць нейкая карысць ад інвазійных інтрадуцэнтаў" - падумаў я і пайшоў далей па сваіх справах, вырашыўшы больш не перашкаджаць птушкам.
Гродна, 17-06-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
PS Цікава, што самка рудахвосткі збірала кукалак настолькі спрытна і асцярожна, што ні разу на яе ў абароне патомкаў не напаў ніводны мураш - прынамсі не здолеў на яе залезці.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 30.07.2026 - 13:38
Арыгінальная назва корму - …
Арыгінальная назва корму - "фастфуд"! Гледзячы на фота, мне прыгадаўся дакументальны фільм, дзе абарыгены ядуць жывых вялікіх лічынак...
Harrier - 30.07.2026 - 13:58
Дзякуй - толькі што напісаў…
Дзякуй - толькі што напісаў чаму яна ўзнікла)