Пасля вылету з гнязда маладыя вясковыя ластаўкі (Hirundo rustica) першыя дні стараюцца трымацца разам з сіблінгамі - зразумела, што да гэтага яны прызвычаіліся пад час сумеснага знаходжання ў гняздзе і таму адчуваюць сябе ў кампаніі больш бяспечна. А яшчэ так не персанальна да кожнага, а да ўсяго вывадка часцей прылятаюць бацькі з ежай. І тут амаль як раней у гняздзе - прасі ежу і раней ці пазней яе атрымаеш.
Зразумела, што прасіць трэба кожны раз, калі набліжаюцца дарослыя птушкі і калі сіблінгаў побач 3 ці 4, то хутчэй за ўсё нешта атрымаеш толькі на 4 ці 5 раз. А вось калі сесці асобна, то эфектыўнасць выпрошвання ежы значна павялічваецца - калі нехта ляціць да цябе, гэта і будзе менавіта твая порцыя. Але насамрэч усё, канешне, складаней - крычаць варта і калі нехта проста пралятае побач - бо раптам гэта нехта з бацькоў ляціць да цябе. І калі ў іх нічога не прасіць, то і нічога не атрымаеш. І не ўсе ластаўкі, якія пралятаюць - гэта бацькі ды і ўвогуле дарослыя птушкі з ежай. Бо часам пералятаюць і шукаюць лепшую пазіцыю для чакання і сіблінгі, ды і моладзь з іншых вывадкаў.
Але ў рэшце рэшт бацькі, канешне, знойдуць і пакормяць усіх.
Бераг Нёмана ў Гродна, 06-07-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ