Сучасныя метады паправілі ўяўленні пра вынішчэнне аўстралійскай мегафауны

смеццевая курыца

Аўстралія некалі была домам для самых вялікіх вядомых на сённяшні дзень птушак, якіх называюць Мігірангі (mihirungs). Гэтая група лічыцца далёкім крэўным сучасных вадаплаўных і ўключае самую вялізную вядомую нам птушку - Dromornis stirtoni, якая важыла прыкладна 450 кг!

Найстарэйшыя Мігірангі вядомыя па скамянелых парэштках узростам каля 8 мільёнаў гадоў, а апошні вядомы нам прадстаўнік жыў яшчэ 100 тысяч гадоў таму. Гэта быў Genyornis newtoni. Для свайго часу гэта была таксама птушка вялікіх памераў, вага якой ацэньваецца ў 250 кг – гэта прыкладна 6 сучасных эму! Геніорнісы лічацца – сярод іншых аўстралійскіх жывёл вялікіх памераў – прадстаўнікамі той мегафауны, якая знікла пасля прыбыцця на кантынент людзей.

Скамянелае шкарлупінне ад параўнальна вялікіх яек эму часта знаходзяць ў пясчаных дзюнах па ўсёй Аўстраліі. Аднак з пачатку 1980-х у рукі палеантолагаў стала трапляць шкарлупінне, якое пачалі лічыць шкарлупіннем яек геніорнісаў.

Праз некалькі гадоў амерыканскі праф. Джыффорд Міллер (Gifford Miller) з калегамі апублікаваў некалькі цікавых палеанталагічных работ, у якіх паказаў, што шкарлупінне геніорнісаў і эму аднолькава часта сустракаецца ў перыяд прыкладна 300 і 100 тысяч гадоў таму. Аднак паміж 50 і 45 тысячамі гадоў таму парэшткі шкарлупіння геніорнісаў фактычна знікаюць, тады як для сустракаемасці рэштак яек эму нічога рэзка не змянілася фактычна да нашых дзён.

 

Калі памер мае значэнне

Аднак вельмі дакладная рэканструкцыя яйка геніорніса, зробленая Наталі Шродзер (Natalie Schroeder) з музею Паўднёвай Аўстраліі (South Australian Museum) паставіла новыя пытанні, на якія не было адказу.

Аказалася, што памер яйка геніорніса прыкладна 125 х 100 мм – гэта памер яйка эму! І ў тры ці нават чатыры разы менш, чым чакалася для птушкі такога памеру. Нават некаторыя вялікія віды моа – таксама вымерлых птушак-гігантаў з Новай Зеландыі, такія, як Dinornis robustus, адкладвалі значна большыя яйкі з сярэднімі памерамі 240 х 178 мм.

косткі

Яйка, якое прыпісвалі геніорнісу і яго бедраная костка ў параўнакнні з аналагічнымі структурамі эму.

Пасля таго, як група аўстралійскіх навукоўцаў параўнала структуру шкрлупіння яек геніорнісаў са структурай шкарлупіння сучасных птушак вялікіх памераў, а таксама з парэштакмі шкарлупіння іншых відаў з групы мігірангаў узростам мільёны гадоў, выявілася вельмі цікавая асаблівасць.

Аказалася, што структура шкарлупіння яек, якія лічыліся яйкамі геніорнісаў, значна адрозніваецца ад шкарлупіння яек іншых прадстаўнікоў мігірангаў і вельмі падобная да шкарлупіння так званых смеццевых кур, або мегаподаў!

Мегаподы - адзіная група сучасных птушак, якія для інкубацыі яек выкарыстоўваюць цяпло не ўласнага цела, а навакольнага асяроддзя. Для гэтага большасць відаў будуе вялізарныя кучы з лісця і іншых гніючых раслінных парэшткаў дыяметрам каля 10 м і вышынёй ад 3 да 5 м. Меншая колькасць відаў у тых жа мэтах т. зв. эктатэрміі выкарыстоўвае для абагрэву сваіх яек гарачую глебу ў месцах з вулканічнай актыўнасцю ці гарачы пясок дзюнаў.

У сённяшняй Аўстраліі распаўсюджаны толькі тры віды смеццевых кур – і самы распаўсюджаны з - іх хмызняковая смеццевая курыца (Alectura lathami) (сустракаецца, у асноўным на ўсходзе кантыненту – верхні здымак). Усе яны - адны з найбуйнейшых у сучаснай арнітафауне кантыненту і важаць ад 2 да 2,5 кг.

Аднак па нешматлікіх выкапневых парэштках вядомыя як мінімум яшчэ два вымерлых віды з роду Progura, прадстаўнікі якіх дасягяалі значна большых памераў і маглі важыць 5-6 кг. Яны не збіралі гніючыя раслінныя парэшткі ў вялікія кучы, але таксама карысталіся знешнім цяплом для інкубацыі і для гэтага выдатна пасавалі пясчаныя дзюны, якія знаходзіліся амаль на ўсёй Аўстраліі.

 

Таксама вымерлая, але не мегафауна

 

На погляд палеантолагаў, вынікі даследавання якіх апублікаваныя ў часопісе Quaternary Science Reviews, знойдзеныя парэшткі шкарлупіння яек, якія дагэтуль прыпісвалі геніорнісу, насамрэч ёсць парэшткамі яек вымерлых мегапод з роду Progura. Менавіта гэтым можна растлумачыць такую частую іх сустракаемасць у пясчаных дзюнах.

Косткі геніорнісаў вельмі рэдка знаходзяць, за выключэннем двух месцаў – вакол возера Callabonnа (поўнач Паўднёвай Аўстраліі) і Cuddie Springs (New South Wales). Чаму яны былі пераважна распаўсюджаныя менавіта там і чаму зніклі, фактычна невядома.

А параўнальна вялікія памерамі і лёгкія для лакалізацыі яйкі мегаподаў, якія раней былі распаўсюджаны у Палінэзіі, Меланэзіі і Аўстраліі, маглі стаць лёгкай здабычай першых людзей-перасяленцаў і прывялі да таго, што некаторыя віды смеццевых кур былі вынішчаныя незадоўга пасля каланізацыі астравоў і Аўстраліі чалавекам. Кепска лятаючыя дарослыя птушкі таксама станавіліся лёгкай здаюычай першабытных паляўнічых.

Дзякуючы комплекснаму падыходу да вывучэння паленталагічнага матэрыяла з музеяў і новалакалізаваных парэшткаў мегапод з тэрыторыі Аўстраліі, каманда з універсітэту Фліндэрс ужо апісала некалькі раней невядомых і зніклых відаў смеццевых кур. І хаця работа працягваецца, ужо цяпер можна сказаць, што мы страцілі хутчэй за ўсё вялікую разнастайнасць гэтых унікальных птушак назаўжды.

 

Паводле www.phys.org (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Аўстралійскую мегафауну знішчылі першабытныя людзі

Навукоўцы знайшлі метад атрымаць ДНК са шкарлупіння яек вымерлых відаў птушак

Як адбывалася эвалюцыя размнажэння птушак

Вызначаныя ўсё віды моа

МОА. Апошнія птушкі-гіганты.

Колер апярэння моа можна будзе аднавіць па структуры іх ДНК

Як не страціць дронта яшчэ раз: гісторыя пра яго вынішчэнне і знаходкі