Махавыя пёры дапамагаюць эканоміць энергію і птушкам з актыўным палётам

каўка

Камандзе шведзкіх даследчыкаў упершыню атрымалася ўбачыць, як птушкі, якія актыўна машуць крыламі, могуць эканоміць энергію пад час такога палёту. Біёлагі з універсітэту Лунда на прыкладзе каўкі (Corvus monedula) паказалі, што гэтыя птушкі мінімізуюць спажыванне энергіі пад час набору вышыні, таму што махавыя першай ступені на іх крылах утвараюць пад сабой некалькі невялікіх завіхрэнняў паветра замест аднаго вялікага – як меркавалі раней.

Да гэтага падобныя завіхрэнні на канцах крылаў былі адзначаныя толькі ў птушак вялікіх памераў: арлоў, грыфаў, кондараў, буслоў, жураўлёў і звязваліся з іх магчымасцю лунання ў патоках узыходзячага цёплага паветра.

Доследы з палётам кавак Андэрс Гедзенстром (Anders Hedenström) з калегамі праводзілі ў аэрадынамічнай трубе на факультэце біялогіі ў Лундзе. Для таго, каб убачыць палёт птушак у дэталях, на шляху птушак утваралі лёгкі туман, рухі паветра ў якім адлюстроўвалі лазеры і спецыяльныя камеры. Дзякуючы шматлікім адначасовым здымкам з некалькіх камер, навукоўцы змаглі стварыць трохмерныя здымкі таго, як паветра між іншым паводзіць сябе на канцах крылаў кавак.

"Выступаючыя часткі першаступовых махавых на канцах крылаў можна знешне параўнаць да расстаўленых пальцаў нашай рукі. Атрымліваецца, што такія расстаўленыя пёры ўтвараюць вакол сябе некалькі паветраных завіхрэнняў замест аднаго вялікага, як у выпадку з крылом самалёта, якое мае углаватую або закругленую на канцы форму. У апошнім выпадку каб узняцца вышэй, патрабуецца больш энергіі”- сказаў Андэрс Гедзенстром, прафесар экалогіі ўніверсітэту Лунда.

Гэтыя нечаканыя вынікі могуць служыць пацверджаннем гіпотэзы, якая звязвае ўзнікненне выступаючых махавых пёраў першай ступені з магчымасцю больш эфектыўнага актыўнага палёту птушак, а не толькі з іх лунаючым палётам.

Адкрыццё біёлагаў можа быць выкарыстана і ў аэракасмічнай прамысловасці.

Крыніца:

Marco KleinHeerenbrink et al. (2017) Multi-cored vortices support function of slotted wing tips of birds in gliding and flapping flight, Journal of The Royal Society Interface . DOI: 10.1098/rsif.2017.0099

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак кавак Ірыны Самусенка

 

На гэтую тэму:

ГРЫФЫ І КОНДАРЫ МОГУЦЬ ЗМЯНЯЦЬ СТЫЛЬ ЛУНАННЯ Ў КЕПСКАЕ НАДВОР’Е

Пералёты дубальтаў - новыя птушыныя рэкорды хуткасці! + VIDEO

Калібры могуць паскарацца хутчэй за рэактыўныя самалёты!

Як калібры без цяжкасцяў лятаюць назад

Паўлінам іх доўгія пёры не перашкаджаюць

Чорны свіргуль – Need for Speed!

Крылы дыназаўраў узніклі для шлюбных паказаў