Паразіты перашкаджаюць птушкам лятаць

Новае даследаванне паказала, што чэрві-паразіты могуць негатыўна ўздзейнічаць на здольнасць марскіх птушак да палёту і тым самым нават змяншаць іх поспех гнездавання.

Даследчыкі з універсітэту Ліверпуля і Цэнтру экалогіі і гідрабіялогіі (CEH) на працягу чатырох гнездавых сезонаў у 2014-17 гг. вывучалі папуляцыю чубатых бакланаў (Phalacrocorax aristotelis) у рэзерваце на востраве Мэй (May) ля узбярэжжа Шатландыі. Яны выкарыстоўвалі эндаскопы, каб падлічыць чарвякоў-паразітаў у страўніках адмыслова адлоўленых для гэтага самак, а потым забяспечвалі бакланаў электроннымі датчыкамі, якія рэгістравалі перамяшчэнні і энергетычныя страты птушак. Пасля разлічвалі агульную колькасць энергіі, якую птушкі выкарыстоўвалі штодня і асобна колькі яе было затрачана на палёт, ныранне за рыбай і на адпачынак.

Аказалася, што агульная колькасць энергіі, выкарыстанай птушкамі на працягу дня значна не адрознівалася ў птушак з рознай колькасцю паразітаў. Аднак больш заражаныя самкі бакланаў ляталі значна менш за менш заражаных птушак, напэўна з-за таго, што палёт для іх быў энергетычна значна больш каштоўны.

Алівія Хікс (Olivia Hicks), галоўная аўтарка публікацыі і аспірантка ўніверсітэту Ліверпуля, сказала: "Гэта першае даследаванне, у якім уздзеянне паразітаў на асобны арганізм было памерана такім чынам. Мы знайшлі, што чым больш паразітаў было ў самкі, тым больш гэта змяншала яе здольнасць да палёту за ежай. Аднак гэта важна не толькі для дарослых птушак, але і іх птушанят, бо хаця падобныя палёты патрабуюць шмат энергіі, аднак неабходныя, каб выкарміць патомства. Таму могуць мець уздзеянне нават на ўзроўні папуляцыі”.

Сара Барф (Sarah Burthe), эколаг з СЕН, якая ўдзельнічала ў даследаванні і сааўтарка публікацыі, падкрэсліла, што “хаця даволі шмат вядома пра негатыўнае ўздзеянне паразітаў на поспех гнездавання птушак, нам атрымалася паказаць механізм якім чынам гэта можа адбывацца”.

Крыніца:

 The energetic cost of parasitism in a wild population, Proceedings of the Royal Society B,  rspb.royalsocietypublishing.or … .1098/rspb.2018.0489

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.hbw.com

 

 

На гэтую тэму:

Асабовасць марскіх птушак ўздзейнічае на ўсё іх жыццё

Бакланы добра чуюць гукі пад вадой. І не толькі яны?

Як жыць з бакланамі

Вайна з бакланамі – пераможцаў няма

СОВРЕМЕННОЕ СОСТОЯНИЕ И ДИНАМИКА ПОПУЛЯЦИИ БОЛЬШОГО БАКЛАНА В БЕЛАРУСИ