Глабальнае пацяпленне і яго эфекты для птушак Арктыкі могуць быць вельмі нечаканымі. Jeroen Reneerkens з універсітэту Гронінгена (Нідэрланды) пачаў вывучаць гняздуючую папуляцыю пясчанак (Calidris alba) на Грэнландыі з 2003 году. Кожнае лета ён цяпер праводзіць на паўночным усходзе гэтага вялізарнага данскага вострава на даследчай станцыі Zackenberg, на якой адсочваюцца розныя біятычныя і абіятычныя фактары. Што даследчык убачыў там сёлета, ён распавядае ніжэй.
Я вывучаю як пацяпленне клімату можа ўздзейнічаць на паказчыкі размнажэння пясчанак на паўночным усходзе Грэнландыі. Як мінімум два апошнія дзесяцігоддзі, калі тут збіраюцца дадзеныя, сярэднія тэмпературы летам тут сапраўды павялічваюцца. Чакаецца, што паступова разрыў паміж пікам размнажэння бесхрыбетных, якімі кулічкі харчуюцца і часам масавага вылуплення іх птушанят будзе павялічвацца і, такім чынам, поспех гнездавання птушак будзе змяншацца.
Аднак не толькі пясчанкі харчуюцца безхрыбетнымі (насякомымі і павукамі), самімі кулічкамі таксама могуць харчавацца розныя мясцовыя драпежнікі. Таму узаемаадносіны розных фактараў у экасістэме часам цяжка прадбачыць і тым больш, прадказаць.
Але тое, што ў гэты раз гнездавы сезон будзе настолькі выключным, ніхто не здагадваўся…
Снег навокал
Пясчанкі і іншыя арктычныя гняздуючыя птушкі пачынаюць адкладку яек калі сыходзіць снег - гэта звычайна адбываецца ў першыя тыдні пасля іх прылёту на прыканцы мая – у пачатку чэрвеня. Як і ўсе тутэйшыя пералётныя віды, пясчанкі з’яўляюцца “гняздуючымі пасля паступленняў” ('income breeders') – гэта значыць, што самкі перад адкладкай яек павінны іх сфармаваць з той ежы, якую яны могуць знайсці навокал у тундры на месцах гнездавання. Аднак даступная ім ежа з’яўляецца толькі тады, калі ў тундры сыходзіць снег.
Снег растае хутчэй з больш высокімі сярэднімі тэмпературамі, аднак гэта не наўпроставая сувязь і, як паказваюць кліматычныя мадэлі, колькасць снегу (зімовых асадкаў) будзе павялічвацца. Калі гэта праўда, то час з’яўлення і масавага размнажэння безхрыбетных у тундры будзе адсоўвацца на больш позні тэрмін негледзячы на пацяпленне клімату.
Перад маім прыездам на станцыю калегі паведамілі мне, што там усё пад снегам і мне варта чакаць позняга гнездавога сезону. Спадарожнікавыя здымкі таксама паказвалі, што ўвесь паўночны усход Грэнландыі амаль 100% пад снежным покрывам. Я прыляцеў на станцыю 14 чэрвеня і адразу пачаў назіранні.
Раней ў палове чэрвеня большасць пясчанак былі б на сваіх гнёздах. Самыя познія і тыя, каго драпежнікі пазбавілі першай кладкі ў самым пачатку інкубацыі, спявалі б або шукалі б ежу ў парах. Аднак сёлета снег навокал быў настолькі глыбокі і паўсюдны, што птушкі яшчэ трымаліся ў групках у месцах, вольных ад снегу вакол станцыі. Кулічкі падпускалі чалавека на некалькі метраў, бо пэўна не хацелі траціць час і энергію на пералёт і пошук іншых нешматлікіх месцаў без снегу.
Наваколле станцыі было адзіным месцам, дзе не было снегу
Адлоў кулікоў
Стала зразумела, што ніякія наземнагняздуючыя птушкі не пачнуць гнездаванне тут бліжэйшыя тыдні – калі ўвогуле пачнуць гэтым летам. Гэтая выключная сытуацыя дала мне магчымасць задакументаваць эфекты вялікай колькасці снегу на паводзіны і стан птушак.
Звычайна рэшткі ежы са станцыі выкідваюцца ў недалёкую тут рэчку каб не прыцягваць увагу белых мядзведзяў. Аднак сёлета рэчка ўскрылася з-пад ільду толькі 20 чэрвеня - на 16 дзён пазней, чым у сярэднім у 1998-2017 гады. Таму прыйшлося выкідваць рэшткі ежы вакол станцыі ў тундру. Гэта не прыцягнула туды белага мядзведзя, але на гэтых рэштках харчаваліся дзесяткі розных кулікоў – у асноўным пясчанкі, каменешаркі і ісландзкія пясочнікі.
Гэта дало магчымасць мне з калегамі адлавіць птушак і праверыць іх фізічны стан. Усяго мы адлавілі 31 пясчанку, 23 каменешаркі і 12 ісландзкіх пясочнікаў. Некаторыя з іх былі пераалоўлены нават тры разы ў наступныя дні.
Усе адлоўленыя намі птушкі былі ў кепскім стане. Пясчанкі важылі ў сярэднім па 44 грамы (ад 33.6 да 54.6 г). Каб мець аснову для параўнання, адзначу, што пясчанкі на зімоўцы ў Нідэрландах важаць ад 50 да 55 грам, а птушкі, якія наседжваюць кладкі, звычайна маюць вагу ў сярэднім па 57 грам. Больш таго, такія самкі ўжо адклалі па 4 яйкі.
Некаторым пераадлоўленым птушкам атрымалася павялічыць сваю вагу, аднак далёка не ўсім. Недалёка ад станцыі я знайшоў двух памерлых пясчанак – адна з іх важыла 34 г пад час першага і толькі 32,6 г пад час наступнага адлову. Другая мёртвая птушка (гл. верхні здымак) мела вагу толькі 31,8 грама – гэта паказвае, што многія кулікі сапраўды мелі праблему са знаходжаннем ежы.
Вялікая колькасць кулічкоў, якія харчаваліся на рэштках ежы каля нашай станцыі, прыцягнула сюды сокала-белазора, які стаў пастаянна паляваць тут на птушак.
Год негнездавання?
За тыя два тыдні, што я знаходзіўся на станцыі Zackenberg, я не пачуў ніводнай песні пясчанак і толькі адзінкавыя ад ісландзкіх пясочнікаў ці вялікіх кіркуноў. Атрымалася ўбачыць толькі две пары пясчанак, якія яўна трымаліся разам, аднак пазней і яны распаліся. Некалькі чародак па 20-30 ісландзкіх пясочнікаў і пясчанак былі адзначаныя адлятаючымі ў паўднёвым кірунку параўнальна высока над зямлёй – гэта сведчыла б пра тое, што птушкі не збіраюцца больш чакаць тут на надыход лета і гнездаваць. Гэтыя мае высновы пацверджаюцца назіраннямі незвычайна вялікай колькасці пясчанак, якіх назіраюць у канцы чэрвеня- пачатку ліпеня ў Вялікабрытаніі, Нідэрландах, Даніі і Германіі.
Акрамя гэтага, мы змаглі ўбачыць параўнальна мала пазначаных каляровымі кольцамі пясчанак. З-за таго, што від вельмі прывязаны да папярэдніх сваіх гнездавых тэрыторый і таксама з-за таго, што пад снегам заставалася ўся паўночна-усходняя частка Грэнландыі, я думаю, што большасць мясцовых птушак сёлета нават не вярталася ў Zackenberg і замест гэтага засталіся недзе на паўднёвай частцы вострава, дзе ўмовы харчавання былі лепшымі.
У апошнія гады ў Zackenberg мы знаходзілі поўныя кладкі пясчанак паміж 27.05 і 30.07 – у сярэднім, 12.07.. Калі лічыць, што на адкладку яек патрэбныя 4 сутак і потым самкі іх наседжваюць 22 дні можна прыняць, што пясчанкі пачынаюць адкладку яек паміж 16.06 і самае позняе – 04.07. З-за таго, што яшчэ 27.06 усе магчымыя месцы гнездавання кулікоў былі пакрытыя снегам таўшчынёй як мін 1 метр, а ў пачатку ліпеня нават далей на поўдзень снег пакрываў больш 95% паверхні тундры, вельмі мала верагодна, што пясчанкі ці іншыя кулікі будуць гнездаваць у гэтым сезоне як мінімум у паўночна-усходняй частцы Грэнландыі.
Паводле www.teampiersma.org (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Чаму арктычныя кулікі апынуліся ў рэальных клопатах з-за пацяплення клімата
Крычкі-чэгравы ўпершыню загнездавалі на Алясцы ў выніку глабальнага пацяплення?
За мінулае стагоддзе птушкі Каліфорніі пачалі гнездаваць на тыдзень раней
У Грэнландыі знайшлі гняздо сокалаў-белазораў, якое займаецца імі на працягу 2500 гадоў!
Пацяпленне клімату не стаіць непасрэдна за змяншэннем папуляцый пералётных вераб’іных птушак
Белая сава прызнаная відам, якому пагражае рэальнае знікненне
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ