Самы стары з жывых малы лебедзь прыляцеў зімаваць у Слімбрыдж

Хаця першы малы лебедзь (Cygnus columbianus) прыляцеў сёлета на зімоўку ў рэзерват Слімбрыдж (Вялікабрытанія) яшчэ месяц таму, больш за паўсотні яго суродзічаў далучыліся да яго толькі цяпер. Разам з імі вярнуўся і самы знакаміты і самы стары з жывых прадстаўнікоў віду – самец па мянушцы Круп’е (Croupier). Яму сёлета споўнілася 27 гадоў.

Рэзерват Slimbridge належыць Трасту водаплаўных птушак і водна-балотных угоддзяў (Wildfowl and Wetlands Trust (WWT). І яго супрацоўнікі вывучаюць зімуючых там малых лебедзяў апошнія 50 гадоў.

На жаль, разам з Круп’е не прыляцела яго шматгадовая партнёрка па мянушцы Дылер (Dealer) – хутчэй за ўсё, яна загінула.

Ст’ів Гэавэн (Steve Heaven), асістэнт у рэзерваце, сказаў: "Масавы прылёт малых лебедзяў у наш рэзерват звычайна прадказвае хуткі надыход халоднага надвор’я. Так здарылася і сёлета – мы як раз адчулі першыя амаль зімовыя ночы і іншыя вадаплаўныя птушкі ўсё ў большай колькасці збіраюцца на нашых вадаёмах”.

Каб прыляцець на месцы зімоўкі ў Вялікабрытанію, малыя лебедзі павінны пераадолець не менш 4 тысяч км з расійскай тундры, дзе яны гняздуюць. Даволі мяккі пачатак зімы дазволіў многім птушкам пад час пералёту не спяшацца і адпачываць на вадаёмах і забалочаных месцах ва Усходняй Еўропе. Аднак першыя маразы там прымусілі большасць птушак за апошні тыдзень даляцець на месцы пастаяннай зімоўкі.

Самым познім прылётам віду ў Слімбрыдж лічыцца восень мінулага году, калі птушка па мянушцы Троцкі вярнулася туды першай толькі 10 лістапада.

Паводле www.wwt.org.uk  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Paweł T. Dolata 

 

На гэтую тэму:

Найстарэйшы малы лебедзь прыляцеў на зімоўку ў Вялікабрытанію

Больш частыя сустрэчы малых лебедзей у Беларусі – вынік утварэння новых месцаў зімоўкі?

Незвычайны палёт: разам з малымі лебедзямі на зімоўку

Месцы зімовак малых лебедзяў з Ямала- нечаканыя вынікі

Лебедзь імя Джэймса Бонда мае свой дэвайс

Малых лебедзяў стала мала

“РАЗВОД” ПА-ЛЕБЕДЗІНАМУ

Самы стары лебедзь-шыпун пражыў у прыродзе 40 год