Ластаўкі, якія спажываюць здаровую ежу, здольныя да больш паспяховага размнажэння – такія высновы атрымалі навукоўцы пасля вывучэння харчавання птушак пад час гнездавога сезону.
Даследчыкі з універсітэту Каларада сачылі за канцэнтрацыямі антыаксідантаў у целах амерыканскіх вясковых ластавак H. r. erythrogaster, аналізуючы пробы іх крыві і пер’я. Асабліва навукоўцаў цікавілі караціноіды, якія дапамагаюць клеткам пазбегнуць радыкальных пашкоджанняў.
Канцэнтрацыя трох тыпаў караціноідаў: leutin, zeaxanthin і beta cryptozanthin’а вызначалася пад час перыяду заляцанняў, інкубацыі, выкормлівання і вылету птушанят у дзікіх птушак. Цікава, што гэтыя тры рэчывы прадаюцца па ўсяму свету як харчовыя дадаткі для людзей, аднак у арганізмы птушак трапляюць разам са з’едзенымі насякомымі, а ў апошніх – з раслін, якімі гэтая жамяра харчуецца.
Асістэнтка прафесара Рэбекка Сафран (Rebecca Safran) з універсітэту Каларада сказала: "Атрыманыя намі вынікі паказалі, што канцэнтрацыі гэтых малекул вельмі розныя ў розных асобін птушак і моцна змяняюцца з часам. Для нас было цікава вызначыць як утрыманне караціноідаў змянялася пад уплывам коштаў, якія птушкі “плацілі” пад час размнажэння і дагляду патомства”.
Вынікі, апублікаваныя у часопісе PLoS ONE, прадэманстравалі, што тыя асобіны ластавак, якія змаглі ўтрымаць пазітыўны баланс пад час усяго сезону гнездавання, мелі большы поспех размнажэння, цямнейшае апярэнне і большую масу цела.
Многія высока-кандыцыйныя пары – якія важылі больш, чым іншыя ластаўкі – часта адкладвалі 2 кладкі замест адной у большасці ластавак. Найбольш паспяховыя птушкі выдатна спраўляліся са штодзённымі абавязкамі – яны эфектыўна ахоўвалі кладку і выкормлівалі птушанят.
Даследчыкі таксама здолелі растлумачыць вядомы і да іх феномен – самкі ластавак больш ахвотна выбіраюць сабе ў партнёры самцоў з ярка чырвонай груддзю. Аказалася, што гэта афарбоўка сапраўды паказвае на статус самца як здаровага і здольнага да вялікіх інвестыцый у патомства. Менавіта ў такіх самцоў канцэнтрацыі караціноідаў на пачатку сезону размнажэння былі самымі высокімі.
Вясковая ластаўка з www.arthurgrosset.com
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
Тлустыя птушкі мігрыруюць хутчэй
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ