Вельмі нечаканыя вынікі даследаванняў каманды заолагаў з універсітэту Cambridge былі апублікаваныя ў апошнім нумары часопіса Science. Навукоўцы праводзілі эксперыменты з яйкамі кенараў, пад час якіх заўважылі, што птушаняты з яек, якія перанеслі ў гнёзды іншых пар птушак таго ж віду не развіваліся таксама добра, як тыя, якія ад пачатку да канца абагравалі бацькі.
Аказалася, што самкі нейкім чынам закладваюць у сваіх яйках інфармацыю пра “якасць бацькоў” будучых птушанят. Дзякуючы гэтаму птушаня “ведае”, дзе і як яму прыйдзецца расці – ці пад параўнаўча добрым наглядам і дастаткам корму, ці ў горшых варунках. У залежнасці ад гэтага птушаняты з “добрых сем’яў” просяць корм вельмі інтэнсіўна, з іншых – з меншай энергіяй.
Такія паводзіны маюць біялагічны сэнс, бо дазваляюць на аптымальны прырост масы і адпаведнае магчымасцям бацькоў развіццё птушанят. Таму што птушаняты менш здольных пар не трацяць лішнюю энергію, бо часам не змогуць яе атрымаць калі будуць прасіць корм неадпаведна часта і інтэнсіўна. А калі патомкі найлепшых параў будуць прасіць корм рэдка і ціха, не выкарыстаюць сапраўдных магчымасцяў сваіх бацькоў.
Арыгінальны артыкул: Camilla A. Hinde, Rufus A. Johnstone, and Rebecca M. Kilner. Parent-Offspring Conflict and Coadaptation. Science, 2010: 327 (5971): 1373-1376
Здымак галодных крапіўнікаў Мікалая Гулінскага
Паводле www.sciencedaily.com праз www.birdwatching.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ