Незвычайнае выкарыстанне геалакатараў дало цікавыя дадзеныя пра жыццё вялікіх грыцукоў

Часта ведаць больш пра жыццё птушак важна, каб лепш іх ахоўвываць. Таму новыя дадзеныя, якія былі атрыманы пад час не зусім традыцыйнага выкарыстання дадзеных з геалакатараў, замацаваных на вялікіх грыцуках (Limosa limosa) у Нідэрландах, не толькі цікавыя, але і важныя менавіта для лепшага разумення біялогіі віда для яго захавання.

Mo Verhoeven, аспірант з універсітэту Гронінгена (Нідэрланды), прымацоўвываў геалакатары на ногі гэтых вялікіх кулікоў каб мець магчымасць адсачыць шляхі міграцыі птушак. “Гэтыя невялічкія прылады на нагах грыцукоў запісываюць інтэнсіўнасць святла кожныя 5 хвілін, а таксама час і дату” – сказаў Verhoeven. Звычайна гэтая камбінацыя дадзеных выкарыстоўваецца для таго, каб з іх дапамогай праграма вылічыла больш-менш дакладныя геаграфічныя каардынаты месцазнаходжання птушкі. Запіс дадзеных магчымы нават на працягу 26 месяцаў. Пасля пераадлову птушак з геалакатарамі, можна спампаваць з іх запісаныя дадзеныя.

Аднак аказалася, што невялікі прамежак часу, праз які запісваецца інтэнсіўнасць святла, дазволіла выкарыстаць геалакатары і для атрымання іншых цікавых дадзеных. “Пад час гнездавання, калі птушка сядала на гняздо ўдзень, геалакатар трапляў у моцную цень і потым мы маглі бачыць не толькі працягласць наседжвання пад час інкубацыі яек, але і даты, калі гэта адбывалася” – сказаў Verhoeven.

Галоўная нечаканасць, якую атрымалася ўбачыць – 100% кулікоў, якія па нейкіх прычынах страцілі сваю першую кладку, пачыналі адкладку паўторнай. "Да гэтага часу меркавалася, што гэтая доля вар’іруе паміж 20 і 45% тых птушак, якім не пашанцавала ў першы раз” – сказаў Verhoeven. З-за таго, што доля падобных паўторных кладак моцна недаацэньвалася, знойдзеныя пазней у сезоне гнёзды часам лічыліся як гнёзды і першыя кладкі новых пар, або не знаходзіліся ўвогуле. Такім чынам, атрымлівалі зусім недакладныя дадзеныя па колькасці і шчыльнасці асобных папуляцый грыцукоў.

Даследаванне таксама дазволіла атрымаць дадзеныя пра самыя познія спробы пачаць паўторныя кладкі – яны адбываюцца не пазней за 18 мая. Напэўна пасля гэтай даты птушкі ўжо не маюць упэўненасці, што фізічна паспеюць выгадаваць патомства да адлёту на зімоўку.

Тое, што параўнальна шмат грыцукоў спрабуе гнездаваць яшчэ раз у тым жа сезоне, значна падаўжае сезон гнездавання. Таму адкладка першых укосаў шматгадовых траў у тых месцах, дзе гэтыя кулікі гняздуюць, да сярэдзіны чэрвеня насамрэч павінна быць зроблена на пачатку ліпеня – менавіта тады з’яўляюцца птушаняты з паўторных кладак.


Крыніца:

 Mo A. Verhoeven et al 2020 Geolocators lead to better measures of timing and renesting in blacktailedgodwits and reveal the bias of traditional observational methods, Journal of Avian Biology (2020). DOI: 10.1111/jav.02259

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Першае параўнанне дадзеных, атрыманых з дапамогай геалакатара і перадатчыка GPS ад той самай птушкі

Ці могуць геалакатары перашкаджаць птушкам пад час міграцыі?

Упершыню даказана, што геалакатары не павялічваюць смяротнасць дробных вераб’іных

Новыя тэхналогіі дапамагаюць атрымаць важныя дадзеныя для аховы птушак

Арнітолаг атрымаў 2,5 мільёны эўра прэміі для працягу вывучэння міграцый