Узровень гукаімітацыі звычайнай рудахвосткі – больш 50 відаў за гадзіну спеваў!

Даследаванне, зробленае ў Гішпаніі, паказала, што самцы звычайнай рудахвосткі (Ph. phoenicurus) насамрэч, малавядомыя, але выдатныя майстры імітацыі галасоў іншых відаў птушак. Прычым іх здольнасці настолькі шырокія, што яны могуць пазнавальна імітаваць галасы такіх розных відаў, як шэрая чапля, арол-карлік, сарока, шчурка-пчалаедка, авяльга ці заходні салавей!

Многія віды птушак з зусім розных таксанамічных груп з’яўляюцца выдатнымі імтатарамі галасоў іншых відаў і не толькі іх. У Еўропе найбольш вядомы з іх звычайны шпак, у Паўночнай Амерыцы – перасмешнікі, у Новай Зеландыі – туі, а ў Аўстраліі – птушка-ліра. Аднак здольнасць да гукападражання звычайных рудахвостак яўна недаацэньвалася.

Самцы звычайных рудахвостак – нястомныя спевакі і ў Гішпаніі яны спяваюць амаль без перапынку адразу пасля прылёту на гнездавыя тэрыторыі ў красавіку, потым увесь май і частку чэрвеня. У поўнай песні самца звычайна ўкладваецца ад 7 да 9 фраз на працягу адной хвіліны. Адна фраза займае каля 3 секунд і паміж асобнымі фразамі абавязкова паўза на прыкладна 4,5 секунды.

Каб праверыць раней апублікаваныя звесткі пра колькасць відаў птушак, песні якіх імітуе самец рудахвосткі, скласці іх дакладны відавы склад каб параўнаць яго з навакольным для дадзенага месца, гішпанскія навукоўцы 7 траўня 2020 году запісывалі песні самца звычайнай рудахвосткі на працягу 7 гадзін у першай палове дня на яго гнездавой тэрыторыі ў невялікім па плошчы лесе коркавых дубоў у правінцыі Badajoz, Гішпанія.

Пасля гэтага тры спецыялісты-арнітолагі, знаўцы песен мясцовых відаў птушак, праслухоўвалі атрыманы запіс і выпісвалі тыя віды птушак, якія самец рудахвосткі імітаваў у сваёй песні. Спіс атрымаўся не толькі вялікі, але і ў многім шакуючы для даследчыкаў.

Усяго на працягу 7 гадзін самец спяваў 53 хвіліны “чыстага” часу, прычым спеў гэты складаўся з 451 фразы. Імітацыі як мінімум аднаго віду птушак былі вызначаныя ў 404 фразах (90%). Толькі ў 47 фразах даследчыкі не змаглі вызначыць якому віду птушак магла б прыналежаць дадзеная фраза ці яе кавалак. У 13 выпадках-фразах атрымалася вызначыць характэрныя гукі ажно для 4 розных відаў птушак – гэта была максімальная іх колькасць для паасобных фраз. Самай незвычайнай фразай навукоўцы прызналі тую, дзе самец імітаваў галасы перавозчыка, малога зуйка і куліка-селянца!

Агулам былі вызначаны як дакладныя 51 від птушак, галасы якіх імітаваў самец звычайнай рудахвосткі! Яшчэ 3 віды трапілі ў катэгорыю “магчымыя”. Найбольш часта імітуемым стаў заходні салавей, за ім ідуць звычайны цвыркун, вялікая сініца, еўрапейскі ўюрок і звычайны кавалік. Аднак быў і шэраг відаў птушак, якіх атрымалася пачуць у песнях рудахвосткі толькі аднойчы.

птушка

Цікава, што з 54 вызначаных у песнях самца рудахвосткі відаў, 38 фізічна прысутнічалі на яго гнездавой тэрыторыі або жылі ў радыюсе 2 км ад межаў невялікай дубравы, дзе гнездавалі рудахвосткі. Аднак іншыя 16 відаў не сустракаліся побач і яўна былі “падслуханыя” самцом пад час міграцыі або на месцы зімоўкі: іберыйская пячураўка, пячураўка-будаўнічок ці жоўтая пліска.

Даследчыкаў здзівіла і тое, што параўнальна шмат звычайных відаў птушак, якія карысталіся той жа дубравай пад час сезону гнездавання або жылі побач з ёй, ні разу не былі імітаваныя самцом рудахвосткі. Гэта шэрая кугакаўка, вялікі голуб, кольчатая туркаўка, чырвонашыі ляляк, удод, звычайная зязюля і шэраг іншых.

Многія з пералічаных відаў маюць выразныя відавыя галасы і таму іх адсутнасць у песнях самца рудахвосткі здзіўляе. Акрамя таго, аўтары падкрэсліваюць, што магчыма яны не змаглі вызначыць імітацыю афрыканскіх відаў птушак таму, што проста не маюць досведу ў іх вызначэнні па голасу.  

Дадаткова аналіз запісаў паказаў, што самец рудахвосткі не стараўся адразу рэагаваць на песні самцоў іншых відаў і не імітаваў іх адразу пасля іх спеваў.

Папярэдні даследчык спеваў звычайных рудахвостак у Францыі Jacques Comolet-Tirman у апублікаванай у 1994 годзе працы паказаў, што з больш 1300 фразаў, запісаных ад 36 самцоў, максімальная колькасць імітацыі розных відаў паасобнымі самцамі дасягала лічбы 36. У гэтай публікацыі аўтар таксама сцвярджаў, што самцы рудахвостак запамінаюць песні сустрэтых імі на міграцыі відаў, але выключыў імітацыю афрыканскіх відаў, сустрэтых рудахвосткамі выключна на зімоўцы.  

Застаецца невядомым, як самец робіць выбар відаў, якія потым імітуе у сваіх песнях, а таксама што з’яўляецца трыгерам таго, які канкрэтна від імітуецца ў песні ў канкрэтны момант. Таксама невядома, ці рэпертуар самца з павелічэннем колькасці відаў, якія ён імітуе, змяняецца з узростам самца. Калі гэта так, то гэта магло б сведчыць на карысць першачарговаму выбару самкамі больш старых і дасведчаных самцоў, а гэта параўнальна лёгка ацаніць па рэпертуару.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымкі Сяргея Зуёнка

 

 

На гэтую тэму:

Здольнасці папугаяў да імітацыі дапамагаюць ім усталёўваць індывідуальны кантакт

Птушаняты адрозніваюць голас з адной ноты!

Як сініцы-апалоўнікі пазбягаюць інбрыдынгу і пазнаюць крэўных каб дапамагаць ім

"Фальшывая карона" можа падмануць толькі незнаёмых

Ці звязаны адрозненні ў вакалізацыі паміж самцамі і самкамі птушак з мускулатурай сірынкса?

 

Comments