"Фальшывая карона" можа падмануць толькі незнаёмых

Яркасць і афарбоўка верха галавы - "кароны" - чорнагаловых зонатрыхій (Zonotrichia atricapilla) вельмі разнастайная. Доўгатэрміновыя даследаванні паказалі, што менавіта малюнак на галаве птушак служыць “значком статуса” ('badge of status') у групе. Аднак сістэма распазнавання іерархіі аказалася больш складанай, чым меркавалі раней.


Навукоўцы, якія вывучаюць чародкі зонатрыхій на зімоўцы ў арбарэтуме   ўніверсітэту Santa Cruz (ЗША), адкрылі ў гэтых невялікіх птушак вельмі складаныя сацыяльныя паводзіны. Новая публікацыя пра гэта апісвае розныя шляхі як можна асягнуць свой іерархічны статус для птушак, якія знаходзяцца ў групе працяглы час ці новапрыбылым у яе.  


Папярэднія даследаванні паказалі, што камбінацыя чорнага і жоўтага апярэння на галаве зонатрыхій служыць сімвалам месца птушкі ў іерархіі - дамінацыі ці падпарадкавання ў групе. Яна карэлюе са здольнасцю супрацьстаяць іншым птушкам фізічна і таму фактычна здымае такую неабходнасць - пастаянна траціць энергію на супрацьстаянне. Каб вызначыць свой і чужы статус у групе, цяпер не патрэбная бойка. Птушкі з больш ярка афарбаванай галавой дамінуюць над тымі, у якіх галава афарбавана больш тускла. І гэта не залежыць ад таго ці гэта прыродная афарбоўка, ці яна нанесеная даследчыкамі штучна. Менавіта гэтаму былі прысвечаныя публікацыі 2011 і 2013 гг, для якіх навукоўцы правяралі паводзіны і дамінацыю ў птушак, адлоўленых у розных месцах і змешчаных у клетцы па двое. 


"Каб праверыць дзеянне гэтых "знакаў статусу", мы змяшчалі разам двойкі  птушак, якія раней не былі ў адной групе і не маглі ведаць пра здольнасць другой птушкі біцца" - сказаў Бр'юс Лайон (Bruce Lyon), праф. экалогіі і эвалюцыйнай біялогіі ўніверсітэту UC Santa Cruz. Лайон вывучае зонатрыхій апошнія 15 гадоў. 


Аднак у апошнім даследаванні, вынікі якога былі апублікаваныя ў часопісе Ecology Letters аказалася, што як выглядае праз нейкі час "значок статуса" у вядомага ў групе асобніка ўжо не важна - іерархічны статус  ужо ўсталяваны і не змяняецца. Калі даследчыкі малявалі яркія палоскі на галаве птушкі, якая раней мела тусклыя і займала ніжэйшую прыступку ў іерархіі, гэта ўжо не ўздзейнічала на яе субардынацыю - больш дамінуючае становішча ёй ужо ў гэтай групе не пагражала.


"Маніпуляцыі з афарбоўкай галавы не маглі ўжо падмануць птушак, якія ведалі адна адну раней" - сказаў Лайон.


"Сэнс "значкоў статусу" у тым, што калі жывёлы жывуць у вялікіх або зменлівых групах і не могуць запомніць усіх сваіх суседзяў па групе і іх фізічныя і маральныя здольнасці да змагання за свой іерархічны статус, то падобныя значкі дапамагаюць ім у гэтым" - сказаў Лайон. "Тое, што мы зразумелі - пад час нашых эксперыментаў - мы не маглі забяспечыць той сацыяльны канкэкст, які існуе ў групе зімуючых птушак". 


Новае даследаванне знайшло, што афарбоўка галавы працуе як маркер статусу толькі для новых для групы птушак. Цікава, што ва ўсіх птушак першага году жыцця афарбоўка галавы заўсёды тусклая, а канчатковы колер застаецца пасля лінькі ў дарослае пер'е на другім годзе жыцця. І хаця варыяцыяў афарбоўкі вельмі шмат, у кожнай з дарослых птушак яна застаецца нязменнай на ўсё жыццё:

птушкі  
"Хутчэй за ўсё афарбоўка генетычна дэтэрмінаваная і яе разнастайнасць забяспечваецца генетычнай разнастайнасцю. Аднак можа быць звязаная і з умовамі развіцця ў самым пачатку жыцця. Што ўдзейнічае найбольш, мы пакуль не ведаем".


Узаемаадносіны зонатрыхій пад час зімовак вывучаў з 2014 г. іншы навуковец - Дайдзабура Шідзука (Daizaburo Shizuka). Aказалася, што тыя самыя птушкі прылятаюць на зімоўку ў тых самых групах і ўтвараюць добраакрэсленыя чародкі, якія пад час харчавання трымаюцца разам і маюць свае тэрыторыі. Падобныя паводзіны зонатрыхіі дэманструюць пасля міграцыі ў тысячы км з поўначы Канады і Аляскі, дзе гняздуюць у свабодных полукалоніях, абараняючы толькі невялікую тэрыторыю вакол гнязда.


"Птушкі прылятаюць на зімоўку з тымі самымі суседзямі штозіму - гэта не значыць, што яны проста трымаюцца разам на тэрыторыі, якая перакрываецца ў розных асобін. Яны ўтвараюць параўнальна блізкія сацыяльныя адносіны на зіму" - сказаў Лайон. "Звычайна падобныя адносіны маюць генетычна блізкія - крэўныя ў адносінах адна да адной птушкі. Аднак генетычны аналіз паказаў, што гэта "не наш" выпадак. Мы лічым, што асноўным фактарам, які дзейнічае ў такіх групах - магчымасць і перавагі кааперацыі". 


Утвараючы групу з тымі птушкамі, іерархічны статус якіх ужо вядомы з папярэдніх сутычак, зонатрыхіі могуць не траціць энергію на агрэсіўныя ўзаемадзеянні ў групе і больш часу прысвячаць харчаванню - гэта павялічвае іх шанцы выжыць на зімоўцы. Эксперыменты ў авіарыі па замене вядомага птушкам партнёра на "чужака" паказалі гэта.


Tрадыцыйна навукоўцы лічылі, што існуюць дзве розныя сістэмы вызначэння іерархіі ў групе: індывідуальнае распазнанне ўжо раней вядомых асобін і "значкі статусу", але не абодва адначасова. Таму падвойная сістэма, знойдзеная ў зонатрыхій, якія выкарыстоўваюць абодва механізмы, пакуль унікальная -  але можа быць распаўсюджаная больш шырока і сустракацца і ў іншых відаў.


Застаецца незразумелым, як падтрымліваецца адпаведнасць "значка статусу" і яго адпаведнасць паводзінам ці, хутчэй, здольнасці адстаяць свой статус. І тут сістэма, заснаваная не толькі на "значках", але і на індывідуальным распазнаванні ў групе можа дапамагчы карэктаваць статус. ""Значок" дапамагае з месцам у іерархіі на самым пачатку - калі птушка далучаецца да групы, а потым статус дзякуючы распазнаванню можа змяняць узаемадзеянне."


Крыніца:
Ecology Letters (2018). DOI: 10.1111/ele.13128 


Паводле (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 


На гэтую тэму:

Чыжы выбіраюць для пералётаў знаёмую кампанію

Як папугаі вылічваюць свой ранг у групе ?

Самцы сініц выбіраюць за суседзяў падобных сабе характарам

Сойкі могуць хутка мяняць свае паводзіны

Самкі нізкага рангу выбіраюць нізкарангавых самцоў

Як “гэта” складана ў качак, або пра асаблівасці сэкса вадаплаўных

Птушаняты адрозніваюць голас з адной ноты!