Птушаняты адрозніваюць голас з адной ноты!

Новае даследаванне каманды арнітолагаў з універсітэту Nebraska-Lincoln паказала, што птушаняты чорнагаловай зонатрыхіі (Zonotrichia atricapilla) пазнаюць песню птушак свайго віду нават пачуўшы толькі адну ноту з яе пачатку - нават не гледзячы на тое, што яшчэ не вывучылі яе самі.

Эмілі Гадсан (Emily Hudson) з калегамі знайшла, што з тыднёвага ўзросту птушаняты чорнагаловай занатрыхіі пачыналі верашчаць больш актыўна як толькі чулі першы гук відавога свіста ў параўнанні з першымі гукамі песні белагаловай зонатрыхіі (Zonotrichia leucophrys), блізкага і сімпатрычна распаўсюджанага на Алясцы віду.

Работа пацверджвае гіпотэзу пра тое, што вераб’іныя спяваючыя птушкі нараджаюцца ўжо з гатовай “гукавой матрыцай”, якая мае перадраспаложанасць каб распазнаваць і вучыць песню свайго віду, а не чужога.

"Што мы часта не разумеем у навучанні, гэта тое, што для яго трэба фільтраваць інфармацыю якая навокал нас і выбіраць з яе толькі тое, што нам адпавядае.” – сказаў Шідзука (Shizuka), сааўтар работы. “Мы глядзелі на гэтыя простыя сігналы, якія могуць працаваць як пачатковыя фільтры ці вартае нешта вывучэння, ці не. Мы не так многа ведаем пра гэта, але гэта можа быць такім пачатковым пунктам для навучання”.

Даследаванне праводзілася ў прыродзе на працягу кароткага паўночнага лета на поўдні Аляскі. Пасля знаходак гнёзд чорнагаловых зонатрыхій з адпаведным узростам птушанят, іх часова забіралі з гнязда і прайгравалі адну з чатырох песняў: свісты чорна- і белагаловай зонатрыхіі і песні абодвух відаў. Перад пачаткам прайгравання, пад час яго і пасля яго падлічвалі колькасць шчабятанняў кожнага з птушанят. Птушаняты яўна ажыўляліся, калі чулі толькі першыя гукі свісту або песні свайго віду.

Абодва віды зрэдку могуць спарвацца адзін з адным, аднак на месцы даследаванняў гэта не адзначалі. “Хаця гэтыя віды жывуць часам адзін каля другога, падаецца, што яны дастаткова добрыя ў адрозніванні, каб не памыляцца з кім размнажацца – нават калі гэта блізкі ім від. Біялагічная праблема для іх – распазнаць розніцу паміж песнямі свайго і чужога віду. У больш шырокім сэнсе мы цікавімся гэтымі пачатковымі механізмамі таму, што яны вельмі важныя для адасаблення (дывергенцыі) віду і пазбягання гібрыдызацыі”.

Крыніца:

Emily J. Hudson et al. Introductory whistle is sufficient for early song recognition by golden-crowned sparrow nestlings, Animal Behaviour (2017). DOI: 10.1016/j.anbehav.2017.09.018

 

Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак белагаловай зонатрыхіі з www.centralcoastbiodiversity.org

 

 

На гэтую тэму:

АДРОЗНЕННІ Ў ПЕСНЯХ ІЗАЛЮЮЦЬ ВІДЫ

Незвычайнае адкрыццё: птушаняты вучаць пароль, каб іх кармілі бацькі

Людзі перашкаджаюць птушанятам чуць бацькоў

Гарадзкі шум змяншае выжывальнасць птушанят вераб’ёў

ЭСТРАГЕН ПАВЯЛІЧВАЕ У САМАК ПРЫЦЯГАЛЬНАСЦЬ ПЕСЕН САМЦОЎ

Джаз берасцянак