Як сініцы-апалоўнікі пазбягаюць інбрыдынгу і пазнаюць крэўных каб дапамагаць ім

Добра вядома, што скрыжаванне паміж блізкімі крэўнымі (інбрыдынг) у большасці відаў жывёл вядзе да выраджэння, між іншым да змяншэння выжывальнасці і поспеху размнажэння. Аднак у аселых відаў, моладзь якіх застаецца паблізу месцаў нараджэння, існуе рэальная небяспека таго, што блізкія крэўныя могуць стварыць пару. Дзякуючы доўгатэрміновым даследаванням сініц-апалоўнікаў (Aegithalos caudatus) атрымалася зразумець як мінімум адзін з механізмаў, які перашкаджае гэтаму.

Сініцы-апалоўнікі звычайна не вандруюць далёка ад месца, дзе нарадзіліся. Акрамя гэтага вядома, што мінулагоднія птушаняты часта дапамагаюць бацькам выкармліваць новае патомства – што, тэарэтычна, магло б прыводзіць да інцэстаў (размнажэння бацькоў са сваімі дзецьмі), але гэтага не адбываецца.

Паводле непасрэдных назіранняў, толькі 1 з 609 пар (0.2%) былі крэўнымі першага парадку і яшчэ 2 пары (0.3%) былі крэўнымі другога парадку. Генетычны аналіз паказаў падобную долю інбрыдынгу для крэўных першага парадку (2/609, 0.3%), аднак нашмат больш выпадкаў размнажэння паміж больш далёкімі крэўнымі (94/609, 15.4%). Гэтыя вынікі сведчаць хутчэй на карысць актыўнага пазбягання спарвання з блізкімі крэўнымі. Вельмі нізкія долі проміскуітэту сярод сініц-апалоўнікаў – іншы тэарэтычна магчымы механізм пазбягання інбрыдынгу – толькі пацверджвае гэта.

Гняздуючая папуляцыя віда (паміж 17 і 72 парамі штогод) назіралася на працягу больш, чым 30 гадоў (з 1994 да 2017) у мясцовасці Rivelin Valley каля Sheffield (Вялікабрытанія). У пераважна шырокалісцевым лесе з хмызнякамі, плошчай каля 2,5 кв км, прыкладна 40% папуляцыі штогод складалі мясцовыя птушкі – гэта значыць тыя, што нарадзіліся на гэтай жа тэрыторыі раней. Пазасталыя дарослыя звычайна прыляталі на будучае месца размнажэння ў свой першы год жыцця і звычайна трымаліся яго ў наступныя гады.

Штогод даследчыкі з унверсітэту Шэфілда кальцавалі стандартнымі металічнымі кольцамі і двума пластыкавымі каляровымі кольцамі з індывідуальна распазнавальнай камбінацыяй амаль усіх тамтэйшых сініц (>95%). Прычым птушаняты кальцаваліся на 11-ы дзень жыцця, а дарослыя-імігранты перад або пад час іх першага сезону гнездавання на тэрыторыі вывучэння. Адсочвалася кожная спроба гнездавання – агулам іх было 1461.

У выніку даследавання, якое ачольвала Dr Amy Leedale,  атрымалася паказаць, што сініцы добра адрозніваюць блізкакрэўных птушак ад іншых па голасу.  Сініцы выкарыстоўваюць спецыяльныя пазыўкі, якія адрозніваюцца ў не звязаных крэўнымі сувязямі паміж сабой птушак і вельмі падобныя ў роднасных.

Dr Leedale сказала: "Мы запісывалі галасы самцоў і самак у многіх пар сініц-апалоўнікаў і знайшлі, што яны значна больш адрозніваюцца ў парах птушак, чым у блізкіх крэўных самца або самкі. А ступень падабенства голасу ў пары была бліжэйшай да выпадковых галасоў не звязаных з сабой крэўнымі сувязямі сініц па-за парай.”

Голас птушаняты апалоўнікаў пачынаюць фармаваць яшчэ ў гняздзе, калі акружаны бацькамі і хэлперамі-дапамошнікамі – звычайна гэта птушаняты з папярэдняга вывадку бацькоў. Такім чынам, падабенства голасу таксама дапамагае знайсці блізкіх крэўных і дапамагчы ім у якасці ‘хэлпераў’  пры гняздзе.  

Прафесар Ben Hatchwell, які ачольвае праект па вывучэнні віда ва ўніверсітэце Шэфілда ўжо больш 25 гадоў, сказаў: "Гэтая публікацыя дэманструе вялікую важнасць доўгачасовага вывучэння дзікіх жывёл, што дазваляе ведаць лёс многіх асобін і пакаленняў і такім чынам даведацца як рэпрадуктыўны поспех залежыць ад канкрэтных паводзін.”

 

Крыніца: Leedale, A E et al. 2020. Cost, risk, and avoidance of inbreeding in a cooperatively breeding birdProceedings of the National Academy of Sciences DOI:10.1073/pnas.1918726117

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Анастасіі Сяргеевай

 

 

На гэтую тэму:

Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы

Хто каго выбірае ў вялікіх сініц і чаму?

САМКІ НІЗКАГА РАНГУ ВЫБІРАЮЦЬ НІЗКАРАНГАВЫХ САМЦОЎ

ЖЫЦЦЁ СІВЫХ СІНІЦ БЕЗ ТАЙН