Адзіннадцаць відаў птушак, раней распаўсюджаных у ЗША, маюць намер прызнаць зніклымі

На прыканцы верасня Амерыканская служба рыбных рэсурсаў і аховы прыроды (U.S. Fish and Wildlife Service (USFWS)) афіцыйна абвесціла свой намер прызнаць зніклымі ажно 11 відаў амерыканскіх птушак, з якіх 8 відаў былі эндэмікамі Гавайскіх астравоў. Хутчэй за ўсё як мінімум большасць з гэтых відаў атрымаюць гэты статус і на міжнародным узроўні, які прызнАе ім – або не – Міжнародны звяз аховы прыроды IUCN.

Гавайскія астравы зараз афіцыйна страцілі ажно 8 відаў птушак. Гэта пяць відаў гавайскіх меданосаў: Kauai akialoa (Akialoa stejnegeri) (апошні раз адзначаны ў 1969 г.), Kauai nukupuu (Hemignathus hanapepe) (апошняя рэгістрацыя ў 1899 г.), Kauaʻi ʻōʻō (Moho braccatus) (1987), Maui nukupuʻu (H. affinis) (2007), і чорнатварая гавайская цвяточніца Po`ouli (Melamprosops phaeosoma) (2004); дрозд Large Kauai thrush (Myadestes myadestinus) (1989), і два віды гавайскіх дравесніц Maui ākepa (Loxops ochraceus) (1988) і Molokai creeper (L. flammea).

Іншыя зніклыя віды, гэта беладзюбы дзяцел (Campephilus principalis) (1987), багамскі спявун (Vermivora bachmanii) (1988) – абодва віды сустракаліся на паўднёвым усходзе ЗША, і гуамская белавочка (Zosterops conspicillatus) з Паўночных Марыянскіх астравоў.

Усе знікненні біялагічных відаў – гэта вынік трагічных падзей, але найбольш чорнымі з’яўляюцца гісторыі Po`ouli і  беладзюбага дзятла. По’оўлі была апісана як новы від, эндэмік Гавайяў, зусім нядаўна, бо толькі ў 1973 годзе. Да канца 1990-х гадоў было вядома ўжо толькі пра тры пазасталых асобіны по’оўлі: аднаго самца і двух самак. Пасля няўдалых спробаў загнездаваць з гэтымі самкамі ў прыродзе, самец быў адлоўлены з надзеяй, што можа з часам да яго змогуць далучыць самак. Аднак пасля гэтага самак больш ніхто не бачыў, а самец памёр у няволі ў 2004 годзе.

Аднак сапраўднай ‘іконай’ апошняга спісу знікнення амерыканскіх відаў ёсць беладзюбы дзяцел. Далёка не ўсе навукоўцы згодныя з новым статусам віда, пасля таго, як мільёны даляраў былі патрачаныя на пошукі дзятла і захаванне яго месцаў гнездавання. “Мы амаль нічога не здабылі /з прызнаннем гэтага статусу/, але шмат страцілі” – сказаў John Fitzpatrick з Карнельскага ўніверсітэту (ЗША), які падрыхтаваў ў мінулыя дзесяцігоддзі шырокамаштабныя пошукі і ў 2005 годзе апублікаваў справаздачу, у якой сцвярджалася, што від будзе адшуканы ва ўсходняй частцы штату Арканзас.

"Від быў найлепшым індыкатарам стану старых лясоў паўднёвага усходу ЗША, пакуль ён заставаўся у Спісе відаў, якім пагражае знікненне, да яго захоўвалася ўвага і дзяржаўныя ўстановы дзейнічалі для захавання яго месцаў пражывання ў адпаведным стане ў надзеі, што дзяцел яшчэ існуе” -  дадаў Fitzpatrick.

Craig Hilton-Taylor, прадстаўнік IUCN (МЗАП), - арганізацыі, якая як апошняя вырашае прысваенне адпаведнага статусу біялагічным відам, у тым ліку адсочвае правамернасць прызнання відаў зніклымі, сказаў, што МЗАП не будзе надаваць  віду новы статус, бо існуе магчымасць таго, што беладзюбы дзяцел усё яшчэ захаваўся на Кубе.  

Hilton-Taylor таксама дадаў, што часам атрымліваюцца немэтавыя, але шкодныя вынікі заўчаснага прызнання віда зніклым: "Раптам грошы на ахову віда знікаюць і  від сапраўды можа знікнуць у бліжэйшы час, але ўжо таму, што ніхто больш не  ўкладвае рэсурсы ў яго захаванне”.

Паводле  www.abcbirds.org і www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак беладзюбага дзятла з відэа без даты, якое захоўваецца ў архіве Cornell Lab of Ornithology.

 

На гэтую тэму:

Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.

На Зямлі афіцыйна зніклі яшчэ 13 відаў птушак

У 2018 годзе афіцыйна прызналі зніклымі яшчэ 3 віды птушак

Рэінтрадукаваныя ў прыроду гавайскія вароны збудавалі першае гняздо!

Людзі знішчылі амаль ¾ усіх відаў птушак, няздольных да палёту

20 тысяч бёдуотчараў дапамогуць знайсці зніклыя віды птушак

Дзяцел за 50 тысяч даляраў

Гавайскія квяткоўніцы паходзяць ад... чаромашнікаў