Людзі знішчылі амаль ¾ усіх відаў птушак, няздольных да палёту

Каб не было негатыўнага ўдзеяння чалавека, сёння на Зямлі магло б быць амаль у чатыры разы больш відаў птушак, якія не лятаюць, чым засталося зараз. Такім чынам, у працэсе эвалюцыі адсутнасць здольнасці да палёту ўзнікала нашмат часцей, чым нам уяўляецца сёння.

Dr. Ferran Sayol, галоўны сааўтар публікацыі па выніках даследавання, які прадстаўляе UCL Centre for Biodiversity & Environment Research і University of Gothenburg (Швецыя), сказаў: "Уздзеянне чалавека змяніла большасць экасістэм на планеце, што прывяло да знікнення сотняў відаў жывёл. Гэта змяніла ход эвалюцыі, асабліва для птушак, таму што віды, няздольныя да палёту апынуліся пад большай рызыкай знікнення. З-за гэтага мы бачым значна змененую намі, людзьмі, карціну эвалюцыі класа Птушкі”.

Для параўнання колькасці зніклых і існуючых відаў птушак, няздольных да палёту, навукоўцы склалі спіс усіх апісаных дагэтуль відаў птушак, якія зніклі з пачатку існавання чалавека разумнага як віда. Такім чынам, яны ўзялі за аснову 581 від птушак, прызнаны зніклым з позняга плейстацэну (прыкладна 126 тысяч гадоў таму) – амаль усе яны хутчэй за ўсё зніклі з-за прамога ці ўскоснага ўздзеяння чалавека.

Скамянелыя парэшткі або іншыя звесткі дазволілі выявіць 166 відаў птушак, няздольных да палёту, якія зніклі за гэты час. Да нашага часу дажылі толькі 60 нелятаючых відаў.

Прафесар Tim Blackburn (UCL Centre for Biodiversity & Environment Research і Institute of Zoology, ZSL), саўтар публікацыі, сказаў: "Многія віды птушак страцілі здольнасць да палёту ў асяроддзі, у якім адсутнічалі драпежнікі, здольныя паспяхова на іх паляваць – на прыклад, на астравах. Палёт патрабуе шмат энергіі, якая можа быць выкарыстаная на іншыя мэты, калі ён не абавязковы для жыцця. Аднак няздольнасць да палёту зрабіла іх лёгкай здабычай людзей, а таксама пацукоў і коцікаў, якія з’явіліся разам з чалавекам.

Вельмі часта вынікам падобных кантактаў станавілася знікненне нелятаючых відаў. Гэтая тэндэнцыя працягваецца дагэтуль – віды, няздольныя да палёту дагэтуль звышпрадстаўленыя ў Чырвоным спісе ў параўнанні з лятаючымі”.

Большасць архіпелагаў і нават асобных астравоў па ўсяму Свету была населеная нелятаючымі відамі птушак да таго, як людзі апынуліся на іх. Найбольш  разнастайнымі такія віды былі на Новай Зеландыі (26 відаў – большасць знікла) і на Гавайскіх астравах (23 віды – усе яны зніклі).

Такім чынам можна сцвярджаць, што насамрэч няздольнасць да палёту ўзнікала ў класе Птушкі як мінімум у чатыры разы часцей, чым можна было б меркаваць толькі па сучасных відах.

Dr. Sayol сказаў: "Наша даследаванне паказала, што страта здольнасці да палёту сярод птушак – шырока распаўсюджаны фенамен. Сёння большасць такіх птушак гэта пінгвіны, пастушкі і страусы з блізкімі ім відамі. Усе яны аб’яднаныя ці сустракаюцца сярод 12 сямействаў, тады як без вынішчэння чалавекам і яго інтрадуцэнтамі гэтая лічба была б каля 40 сяместваў. Мы маглі б жыць побач з нелятаючымі совамі, дзятламі, ібісамі, аднак нашы продкі вынішчылі іх.”


Крыніца: "Anthropogenic extinctions conceal widespread evolution of flightlessness in birds"Science Advances (2020). advances.sciencemag.org/lookup … .1126/sciadv.abb6095

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Як дронтаў забівалі галандзкія маракі – малюнак з www.bbc.com

 

 

На гэтую тэму:

Дзесяць астраўных відаў птушак, якіх мы страцілі назаўсёды

Вызначаныя ўсё віды моа

Невядомы для навукі від соваў некалі знік з-за людзей

Амаль нелятаючы чорны лебедзь некалі жыў у Новай Зеландыі

У Новай Зеландыі апісаны два новыя вымерлыя віды нелятаючых пастушкоў

Тэмпы знікнення птушак паскараюцца

Хваля знікненняў вынішчае поле для эвалюцыі

Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.

Невядомая ахвяра Другой Святовай вайны

Як не страціць дронта яшчэ раз: гісторыя пра яго вынішчэнне і знаходкі