Антрапагеннае турбаванне дзікіх жывёл – такое, як светлавое і шумавое забруджванне наваколля, непасрэдная прысутнасць чалавека або яго небяспечных механізмаў у месцах пражывання або міграцыі, пастаянна павялічваюцца і выклікаюць рознапланавыя негатыўныя змены ў асяроддзі. Калі ў выніку жывёлы застаюцца жывымі, то змены ў іх паводзінах і фізіялогіі могуць быць як каротка-, так і доўгатэрміновыя.
Нядаўна з’явіліся дзве навуковыя публікацыі, прысвечаныя адмоўным наступствам масавых фаерверкаў для дзікіх птушак. У адной з іх даследчыкі з Anglia Ruskin University разбіраюцца з гэтым на прыкладзе шэрых гусей (Anser anser) у Аўстрыі.
У многіх краінах людзі святкуюць важныя для сябе і іншых падзеі, у тым ліку выкарыстоўваючы разнастайныя фаерверкі. Асаблівую маштабнасць гэта прымае ў канун новага году. Каб праверыць фізіялагічныя рэакцыі шэрых гусей, якія зімуюць на возеры Almsee ў Аўстрыі, да 20 з іх (на 6 самак і 14 самцоў) часова прымацавалі адмысловыя лоджэры, якія запісвалі час і дату, а таксама разнастайныя фізіялагічныя паказчыкі жыццядзейнасці і змены ў іх.
Частата серцабіення і тэмпература цела ў той самы час параўновываліся ў першыя гадзіны 1 студзеня і 31 снежня, а таксама з сярэднімі за ўвесь снежань і студзень. Не атрымалася знайсці значных адрозненняў у гэтых паказчыках ні ад полу, ні ад узроставай катэгорыі (маладыя ці дарослыя) птушак.
Адразу пасля пачатку масавага выкарыстання фаерверкаў у першыя хвіліны новага году на берагах возера і недалёка ад іх, частата серцабіення ў гусей павялічылася амаль удвая (з 63 да 124 удараў у хвіліну) і зменшылася да папярэдняга узроўня толькі праз 2-3 гадзіны. Сярэдняя тэмпература цела павялічылася з 38 да 390С і трымалася да 3-4 гадзін раніцы. Усе гэтыя фізіялагічныя змены прыводзяць да большага выкарыстання энергіі ў складаны для птушак перыяд зімоўкі без усялякай неабходнасці. Аднак застаецца незразумелым, што дакладна так моцна ўздзейнічае на птушак: шум стрэлаў ці агонь ад фаерверкаў, ці і першае і другое разам.
Claudia Wascher, галоўны аўтар публікацыі па выніках даследавання, сказала: "Многія людзі атрымліваюць вялікае задавальненне ад запуску фаерверкаў, аднак пры гэтым мы не ўлічваем інтарэсы ні хатніх, ні дзікіх жывёл. У нашай публікацыі мы выразна паказалі, што павінны як мінімум пазбягаць фаерверкаў у месцах скаплення дзікіх жывёл.”
Крыніца: Wascher, C F, Arnold, W, & Kotrschal, K. 2022. Effects of severe anthropogenic disturbance on the heart rate and body temperature in free-living Greylag Geese (Anser anser). Conservation Physiology. DOI: https://doi.org/10.1093/conphys/coac050
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак - Andrzej Smolinski
На гэтую тэму:
У лясах унутры гарадоў нашмат меншая відавая разнастайнасць птушак
Гарадзкі шум змяншае выжывальнасць птушанят вераб’ёў
Птушкі змяняюць час сваіх спеваў з-за працы аэрапарта
Гусі здольныя аблятаць ветраныя электрастанцыі
Птушкі ведаюць, з якой хуткасцю павінны ездзіць аўтамабілі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ