Знойдзены розны ўзровень гармонаў на тыя ж змены тэмпературы паветра ў розных асобін таго ж віду птушак

вялікая сініца

Гармоны кантралююць многія жыццёвыя функцыі ў вышэйшых жывёл, у тым ліку птушак. Між іншага, яны дапамагаюць рэгуляваць метабалізм, неабходнасць у ежы і дапамагаюць падтрыміваць адпаведную знешнім умовам тэмпературу цела. Глюкартыкоіды (Glucocorticoids) – гармоны стрэсу - каардынуюць многія функцыі, якія дапамагаюць жывёлам прыстасоўвацца да зменаў у іх асяроддзі, як абіятычным, так і біятычным.

У птушак у халодныя дні глюкакартыкоіды выдзяляюцца ў большай колькасці, каб дапамагчы арганізму за кошт ‘спальвання’ цукроў, бялкоў ці тлушчоў падтрымліваць высокую тэмпературу цела. Калі ж температура паветра навокал падымаецца, узровень глюкакартыкоідаў у крыві змяншаецца і абмяжоўвае спальванне энергетычных рэзерваў.

У прыродным асяроддзі з параўнальна вялікім дыяпазонам змены тэмпературы на працягу сутак гарманальная рэгуляцыя падтрымання стабільнай тэмпературы цела вельмі важная. Невялікія памерамі цеплакроўныя жывёлы – такія, як птушкі, павінны мець магчымасць хутка адказваць на змены тэмпературы паветра. З-за зменаў клімату ў апошнія дзесяцігоддзі экстрэмальныя тэмпературы паветра здараюцца часцей, чым раней. Ці па-рознаму адказваюць на падобныя змены розныя асобіны птушак таго ж віду і з той жа папуляцыі?

Каб мець магчымасць адказаць на падобнае пытанне, група даследчыкаў з Max Planck Institute (Германія) пад кіраўніцтвам Michaela Hau на працягу 5 гадоў вызначала ўзровень глюкакартыкоідаў у крыві вялікіх сініц (Parus major) з той самай папуляцыі ў Паўднёвай Баварыі. Як і чакалася, гэты ўзровень мяняўся ў залежнасці ад тэмпературы паветра і станавіўся заўважна большым у халоднае надвор’е. Аднак нечакана знайшлі, што ў розных птушак былі значныя адрозненні ў канцэнтрацыі гармонаў у тых самых умовах.

"Упершыню для дзікіх хрыбетных жывёл у прыродзе мы знайшлі, што некаторыя асобіны ў адказ на змены тэмпературы паветра ‘адказваюць’ большымі ўзроўнямі глюкакартыкоідаў, чым іншыя” – сказала Michaela Hau. "Гэтыя варыяцыі ў розных асобін могуць дапамагаць папуляцыям існаваць у шырокім дыяпазоне ўмоваў асяроддзя”.

Аднак застаецца невядомым ці знойдзеныя гарманальныя адрозненні паміж асобнымі птушкамі звязаны з адрозненнямі ў прадукаванні цяпла ці рознай адпорнасцю на яго страты. Таксама невядома, ці адрозненні могуць у выніку ўздзейнічаць на поспех размнажэння і ўвогуле выжывальнасць асобных птушак.

Крыніца: Great tits differ in glucocorticoid plasticity in response to spring temperature, Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences (2022). DOI: 10.1098/rspb.2022.1235. royalsocietypublishing.org/doi … .1098/rspb.2022.1235

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Сяргея Чарапіцы

 

 

На гэтую тэму:

Метабалізм птушак і звяроў рэгулюецца па-рознаму

Нейроны птушак выкарыстоўваюць у тры разы менш энергіі, чым нейроны звяроў

Птушкі спяць не так, як звяры?