Добра вядома, што птушкі маюць выдатныя пазнавальныя здольнасці і дэманструюць высокі ўзровень разумовай дзейнасці. Калі параўнаць мозг птушак да мозгу звяроў такіх жа памераў, мозг птушак мае значна больш нейронаў. Нядаўняе навуковае даследаванне дапамагло зразумець як гэта магчыма – аказваецца, нейроны птушак расходуюць нашмат менш энергіі ў форме глюкозы для сваёй працы.
"Нас найбольш здзівіла не тое, што нейроны птушак расходуюць менш глюкозы – гэтага можна было чакаць з-за розніцы ў іх памерах” – сказала Kaya von Eugen з Ruhr University (Bochum, Германія), адна з сааўтарак публікацыі па выніках даследавання. "Нас здзівіла, што адрозненне такое маштабнае, што не можа быць растлумачана толькі розніцай у памерах нейроў птушак і звяроў. Мусіць існаваць яшчэ нешта ў мазгу птушак, што дазваляе нейронам працаваць настолькі эфектыўна.”
Пераломнае даследаванне, вынікі якога былі апублікаваныя ў 2016 годзе, паказала, што мозг птушак параўнальных памераў мае нашмат больш нейронаў, чым мозг звяроў. З-за таго, што мозг утвараюць энергетычна каштоўныя нярвовыя клеткі і тканка, узнікла пытанне: як птушкі могуць энергетычна падтрымліваць працу такой колькасці нейронаў?
Каб адказаць на яго, von Eugen з калегамі пад час вывучэння шызых галубоў вызначала бюджэт энергіі, які расходуецца на дзейнасць мозга ў якасці метабалізму глюкозы. Атрыманыя вынікі вельмі здзівілі даследчыкаў, таму што мозг галубоў калі птушкі не спалі расходаваў вельмі малую колькасць глюкозы (27.29 ± 1.57 μmol на 100 г мазгавой тканкі ў хвіліну). Гэта вельмі эфектыўны энергетычны бюджэт у параўнанні з мозгам звяроў.
У сярэднім атрымалася, што розніца ў расходаванні глюкозы нейронамі мозгу птушак і звяроў складае каля трох разоў! Іншымі словамі, нейроны птушак па яшчэ невядомых навукоўцам прычынах расходуюць у разы менш энергіі для сваёй працы.
Von Eugen сказала, што магчыма знойдзенае значнае адрозненне звязана з больш высокай тэмпературай цела птушак або спецыфічным размяшчэннем нейронаў у мазгу. Цікава, што ў відаў параўнальных памераў у птушак у сярэднім меншы мозг, чым у млекакормячых.
"Атрыманыя намі вынікі тлумачаць, як птушкі могуць падтрымліваць працу такой колькасці нейронаў без кампрамісу з іх ‘магутнасцю’. Пад час працяглай паралельнай эвалюцыі птушак і млекакормячых, у птушак з’явіўся меншы памерамі мозг з большай колькасцю больш энергетычна эфектыўных нейронаў, які забяспечвае ім неабходныя пазнавальныя здольнасці і вырашэнне іншых задач.” – сказала von Eugen.
Пад час наступнага этапа даследаванняў навукоўцы плануюць зразумець якія дакладна асаблівасці мозгу птушак дазваляюць яму быць настолькі кампактным і эфектыўным і ў расходаванні энергіі, і ў выніках дзейнасці.
Крыніца: Felix Ströckens et al, Avian neurons consume three times less glucose than mammalian neurons, Current Biology (2022). DOI: 10.1016/j.cub.2022.07.070. www.cell.com/current-biology/f … 0960-9822(22)01219-2
Паводле www.phys.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Упершыню сабраныя доказы пра выкарыстанне прыладаў марскімі птушкамі
Новакаледонскія крумкачы добра разумеюць каштоўнасць розных прыладаў
Самыя разумныя птушкі яшчэ раз пацвердзілі сваю рэпутацыю
Разумныя сойкі плануюць будучыню
Каўкі вучацца адна ад адной пра небяспечных людзей
Новакаледонскія крумкачы ізноў пацвердзілі сваё “рэнамэ” самых разумных птушак
Разумныя гракі пацверджваюць старажытную байку
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ