Розныя прадстаўнікі сямейства Corvidae (Крумкачовыя, або Вранавыя) шмат разоў у разнастайных эксперыментах пацверджвалі свой вялікі розум. Аднак і сярод гэтай “эліты” ёсць свае лідары - новакаледонскія крумкачы (Corvus moneduloides) лічацца самымі разумнымі сярод сучасных птушак. І новая серыя доследаў з гэтым відам толькі пацвердзіла гэта.
Не так даўно было адзначана, што новакаледонскія крумкачы выкарыстоўваюць прылады, каб перанесці іншы аб’ект! І вось цяпер аказалася, што гэтыя птушкі могуць ствараць сабе прылады з некалькіх частак – здольнасць, якая да гэтага была знойдзена толькі ў чалавекападобных малпаў і ў нас. Але і нашы дзеткі да дасягнення пэўнага ўзросту не змаглі б зрабіць падобныя прылады, таму што гэта падрабуе – акрамя адпаведнага развіцця мозгу - здольнасцяў вырашэння праблем і хаця б невялікага прадбачання.
“Тое, што мы знайшлі, сапраўды незвычайна – крумкачы самі збіралі свае прылады, без знешняй дапамогі і без папярэдніх трэніровак” – сказаў Аўгуст фон Байэрн (Auguste von Bayern) з Інстытуту арніталогіі Макса Планка (Германія) і ўніверсітэту Оксфарда (Вялікабрытанія), першы сааўтар публікацыі пра вынікі даследавання ў часопісе Scientific Reports.
У эксперыменце ў авіарыі ўдзельнічалі 8 птушак, якія не бачылі адна адну. У іх вальеру ставілі адмыслова зробленую скрыню, ў якой было бачна ежу – вялікую жывую лічынку жука. Каб яе дастаць, патрэбна была тонкая і параўнальна доўгая прылада, якую можна было ўставіць з аднаго боку праз невялікую дзірку і пхнуць лічынку так, каб яна вывалілася з супрацьлеглага боку і стала даступнай.
На першым этапе даследчыкі застаўлялі кожнай з птушак дастаткова доўгі дубчык, каб крумкачы зразумелі як працуе сістэма. З гэтым заданнем справіліся ўсе птушкі.
На другім этапе птушкам прапаноўвалі кароткія элементы двух тыпаў, з якіх трэба было самастойна зрабіць адну даўжэйшую прыладу, калі чаргаваць элементы. З гэтай задачай справілася палова крумкачоў.
Малюнак з Scientific Reports
“Магчыма, што ў гэтых птушак адбывалася ў мазгу нейкая сімуляцыя будучыні і такім чынам яны змаглі знайсці рашэнне праблемы” – сказаў Алекс Кацельнік (Alex Kacelnik) з універсітэту Оксфарда.
Адзін з крумкачоў па мянушцы Манго, зрабіў сабе прыладу з трох і нават чатырох частак! І гэтай прыладай змог выпхнуць ежу нават з адлегласці, не падыходзячы да скрыні вельмі блізка.
Вось так, паступова, іншыя віды жывёл змяншаюць спіс “выключна чалавечых здольнасцяў”.
Крыніца:
A.M.P. von Bayern, S.Danel, A.M.I.Auersperg, B.Mioduszewska & A.Kacelnik (2018) Compound tool construction by New Caledonian crows. Scientific Reports vol.8, Article number: 15676
Паводле www.iflscience.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Новакаледонскія крумкачы і ў прыродзе часта выкарыстоўваюць самастойна зробленыя прылад –здымак з www.newscientist.com
На гэтую тэму:
Новакаледонскія крумкачы зноў здзівілі навукоўцаў
Як дзеці: новакаледонскія крумкачы і папугаі кеа вучацца, гуляючы
Новакаледонскія крумкачы могуць выкарыстоўваць тры прылады за адзін раз!
Гавайскія вароны далучыліся да інтэлектуальнай эліты птушак + VIDEO
Крумкачы паспяхова прайшлі тэст на планаванне будучыні
Разумныя гракі пацверджваюць старажытную байку
Варона ніколі не забывае?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ