Новакаледонскія крумкачы добра разумеюць каштоўнасць розных прыладаў

Новакаледонскія крумкачы (Corvus moneduloides) дзякуючы назіранням у прыродзе і эксперыментам у лабараторных умовах добра вядомыя не толькі выкарыстаннем да трох прыладаў для здабывання ежы за адзін раз, але і тым, што самастойна іх ствараюць. У прыродзе гэта дазваляе ім даставаць лічынак насякомых з тых месцаў, куды яны не могуць дабрацца толькі з дапамогай дзюбы. Аднак пасля таго, як птушкі дастануць ежу, яны вымушаныя адкласці прыладу, каб пад’есці. І тады прылада можа выпадкова ўпасці і патраціцца ці яе могуць ‘пазычыць’ іншыя крумкачы.

Папярэднія даследаванні, праведзеныя на Новай Каледоніі, эндэмікамі якой крумкачы з’яўляюцца, паказалі, што птушкі стараюцца глядзець за сваімі прыладамі і захоўваюць іх нават тады, калі непасрэдна імі не карыстаюцца. Крумкачы могуць або наступаць на прыладу лапай калі ядуць, або хаваюць яе за кару дрэваў ці ўкладваюць у іншую схованку, адкуль могуць яе пазней дастаць. Але ці адносяцца птушкі па-рознаму да менш і больш эфектыўных прылад?  Новае даследаванне кажа, што так.

Каманда даследчыкаў з University of St. Andrews (Вялікабрытанія) і Max Planck Institute of Animal Behavior у Konstanz (Германія) вывучаюць паводзіны і здольнасці новакаледонскіх крумкачоў ужо некалькі гадоў. У адным з месцаў, дзе назіранні вядуцца даўно, крумкачы выкарыстоўваюць для здабывання ежы прылады-дубчыкі двух тыпаў: складаныя з кручком і больш простыя, без кручка. Дубчыкі з кручком крумкачы параўнальна доўга ствараюць з галінак рэдкага мясцовага віда раслін (Desmanthus virgatus), тады як дубчыкі без кручкоў звычайна падбіраюцца птушкамі на лясной падсцілцы.

Прылады з кручком не толькі цяжэй здабыць, але яны таксама нашмат больш эфектыўныя ў здабыванні ежы” – сказаў Christian Rutz, які ачольваў каманду навукоўцаў. “У залежнасці ад складанасці задачы, крумкачы могуць дастаць здабычу з дапамогай дубчыкаў з кручком нават у 10 разоў хутчэй, чым простымі дубчыкамі без кручка.”

Пад час эксперыментаў, зладжаных у прыродзе атрымалася, што дубчыкі з кручком пільна захоўваюцца крумкачамі паміж здабываннем ежы, тады як больш простыя прылады птушкі маглі і не захоўвываць зусім. “Для нас было цікава назіраць, як птушкі больш уважліва адносяцца да сваіх прыладаў, якія больш эфектыўныя і якія нашмат цяжэй замяніць у выпадку іх страты. Гэта можа сведчыць пра тое, што ў іх ёсць канцэпцыя параўнальна рознай каштоўнасці прыладаў рознага тыпу” – сказаў James St. Clair, адзін з сааўтараў даследавання і публікацыі па яго выніках.

Часовае захоўванне і паноўнае выкарыстанне прыладаў жывёламі можа значна павялічыць эфектыўнасць выкарыстання часу і энергіі на здабыванне імі ежы.

 

Крыніца: Barbara C Klump, James JH St Clair, Christian Rutz 2021 New Caledonian crows keep ‘valuable’ hooked tools safer than basic non-hooked tools, eLife 2021;10:e64829 doi: 10.7554/eLife.64829

Паводле www.birdwatchingdaily.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Новакаледонскія крумкачы ізноў пацвердзілі сваё “рэнамэ” самых разумных птушак

Новакаледонскія крумкачы могуць выкарыстоўваць тры прылады за адзін раз!

Ці лёгка падмануць новакаледонскіх крумкачоў?

Самыя разумныя птушкі яшчэ раз пацвердзілі сваю рэпутацыю

Новакаледонскія крумкачы зноў здзівілі навукоўцаў

Упершыню сабраныя доказы пра выкарыстанне прыладаў марскімі птушкамі

Разумныя гракі пацверджваюць старажытную байку