Дакументаванне новых выпадкаў выкарыстання прыладаў дзікімі жывёламі дапамагае нам зразумець эвалюцыйныя механізмы ўзнікнення складаных формаў паводзін у розных групах жывёл. Група даследчыкаў з Вялікабрытаніі і Ісландыі змагла сабраць доказы выкарыстання прыладаў невялікімі марскімі птушкамі – атлантычнымі тупікамі (Fratercula arctica). Прычым падобны характар выкарыстання прылады быў дагэтуль вядомы ў прыродзе толькі для прыматаў і сланоў.
За апошнія дзесяцігоддзі, навукоўцы сабралі шмат доказаў разнастайнага выкарыстання прыладаў жывёламі, якія не адносяцца да чалавекападобных прыматаў. Сярод птушак найбольш разнастайныя прылады выкарыстоўваюць для здабывання ежы розныя прадстаўнікі крумкачовых, а таксама папугаі і нават драпежныя птушкі. Аднак дагэтуль не было вядома пра падобныя паводзіны ў розных марскіх птушак. Многія навукоўцы лічылі, што з-за параўнальна невялікага памеру мозгу, марскія птушкі нездольныя на выкарыстанне прыладаў. Аднак зараз гэтае меркаванне адназначна абвергнута.
Annette Fayet, Erpur Snær Hansen і Dora Biro, якія працуюць ва ўніверсітэце Оксфарда і ў South Iceland Nature Research Centre, праводзілі рэгулярныя назіранні ў тэлескопы за гнездавымі калоніямі марскіх птушак на астравах Паўночнай Атлантыкі з чэрвеня 2012 г..
Чатыры гады таму адна з чальцоў даследчай групы ўпершыню назірала, як адзін з тупікоў пачасаў сабе спіну невялікім дубчыкам, плаваючы на вадзе. Аднак тады ў даследчыцы не было ў руках камеры, каб зрабіць запіс-доказ. Тым не менш, гэтае назіранне стала першым у адносінах выкарыстання прыладаў любым чынам любымі марскімі птушкамі і першым, калі птушкі выкарыстоўвалі прыладу падобным чынам.
У ліпені 2018 г. адмысловыя фота-пасткі былі ўсталяваныя каля гнёздаў атлантычных тупікаў на востраве Grimsey (Ісландыя), яны запісвалі 10-секундныя фільмікі пасля кожнага прылёту птушак да гнязда з 30-секундным перапынкам пасля кожнага запісу. І так атрымалася зрабіць відэа-доказы такіх жа паводзін у іншых птушак на іншай калоніі!
Відэа-доказы можна паглядзець ТУТ.
Навукоўцы падкрэсліваюць, што на калоніі ў Grimsey на птушках было шмат экта-паразітаў. Асабліва кепскай сытуацыя з кляшчамі была менавіта ў 2018 годзе, калі і былі зроблены гэтыя відэазапісы. Хутчэй за ўсё, птушкам было лягчэй дацягнуцца каб пачасаць раздражнёныя з-за кляшчэй месцы на спіне з дапамогай дубчыка, чым дзюбы. З-за таго, што назіранні аналагічных паводзін былі зроблены ў розныя гады і ў розных калоніях, якія знаходзяцца на вялікай адлегласці адна ад адной (пр. 1700 км), падобныя паводзіны могуць быць значна больш шырокараспаўсюджанымі і больш звычайнымі, чым мы можам меркаваць.
Крыніца:
A.L. Fayet, E.S. Hansen and D. Biro 2019 Evidence of tool use in a seabird. Proceedings of the National Academy of Sciences. Published online December 30, 2019. DOI: 10.1073/pnas.1918060117
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.commons.wikimedia.org
На гэтую тэму:
Філу Коллінзу не было б сорамна за какаду
Разумныя гракі пацверджваюць старажытную байку
Самыя разумныя птушкі яшчэ раз пацвердзілі сваю рэпутацыю
Ці лёгка падмануць новакаледонскіх крумкачоў?
Новакаледонскія крумкачы могуць выкарыстоўваць тры прылады за адзін раз!
Гавайскія вароны далучыліся да інтэлектуальнай эліты птушак + VIDEO
Як дзеці: новакаледонскія крумкачы і папугаі кеа вучацца, гуляючы
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ