Міжнародная каманда навукоўцаў з дапамогай досьледаў паказала, што новакаледонскія крумкачы (Corvus moneduloides) і новазеландзкія папугаі кеа (Nestor notabilis) даведваюцца аб карысці розных прадметаў праз гульні з імі – таксама робяць нашы дзеткі.
Параўнальна вялікая колькасць розных жывёл з па-за прадстаўнікоў сямейства чалавекападобных малпаў можа выкарыстоўваць ці даследаваць уласцівасці (explore) розных аб’ектаў вакол сябе. Гэта дазваляе ім зразумець фізічныя ўласцівасці і патэнцыйна сфармаваць больш абстрактныя ўяўленні пра іх вагу і жорсткасць. Калі жывёлы могуць выкарыстаць атрыманую імі інфармацыю для вырашэння праблем, яны таксама могуць змяняць свае даследчыя паводзіны каб атрымаць новую інфармацыю пра яшчэ недадаследаваныя аб’екты.
Навукоўцы дазвалялі папугаям кеа і новакаледонскім крумкачам даследаваць серыю новых для іх аб’ектаў перад тым і пасля таго, як даць магчымасць некаторыя з іх выкарыстаць як прылады для вырашэння задачы. Некалькі птушак абодвух відаў павялічылі свае шанцы на паспяховае рашэнне задачы, калі яны мелі час даследаваць гэтыя ж прадметы раней у параўнанні з кантрольнай групай птушак, якая гэтай магчымасці да гэтага не мела.
Абодва віды – вельмі разумныя птушкі, якія вядомыя здольнасцю вызначаць некаторыя аб’екты як прылады, з дапамогай якіх можна атрымаць “узнагароду”, аднак толькі новакаледонскія крумкачы робяць гэта ў прыродзе. З дапамогай серыі доследаў, узнагародай у якіх была ежа, даследчыкі паспрабавалі больш даведацца пра магчымы механізм навучання птушак.
У пераддоследны перыяд птушкі маглі гуляць з двума серыямі аб’ектаў: двума тыпамі кавалкаў вяроўкі і двума тыпамі кубікаў. Кубікі былі або цяжкія, або лёгкія і адрозніваліся колерам па гэтай рысе. Кавалкі вяроўкі былі або пластычныя, або жорсткія (не згібаліся) і таксама былі па-рознаму пазначаныя - адрозніваліся знешнім выглядам.
Пасля птушкам прапанавалі два тыпы прыладаў з ежай. З аднаго можна было атрымаць ежу толькі калі на верх прылады пакласці нешта адпаведнай масы. З другога толькі калі адпаведна глыбока ў трубку ўстаўляць кавалак жорсткай вяроўкі, якая і выталквала ежу. У наступным этапе птушкам дазвалялі ізноў гуляць з кубікамі і вяроўкамі і яны трошкі адрозніваліся ад тых, якія былі даступныя дагэтуль. I на апошнім этапе птушкам давалі магчымасць выкарыстаць адпаведна кубікі ці вяроўку першапачатковага выгляду для таго, каб паспрабаваць атрымаць ежу з прыладаў.
Пад час 10 спробаў, 6 з 14 птушак паказалі лепшыя вынікі ў выбары адпаведных прыладаў кубікаў і вяровак пасля гульняў з імі напярэдадні. Бо птушкі без папярэдніх гульняў з магчымымі прыладамі не справіліся з задачай зусім. Акрамя гэтага атрымалася, што папярэднія трэніроўкі не змянілі гульнявыя паводзіны птушак. Гэта можа сведчыць пра тое, што птушкі проста запамінаюць важныя характарыстыкі прадметаў з якімі гуляюць і карыстаюцца з іх калі прадставіцца магчымасць. Гэта аналагічна таму, як нашы дзеткі пазнаюць навакольны свет праз гульні з рознымі прадметамі ці забаўкамі.
Крыніца:
Megan L. Lambert et al. (2017) Function and flexibility of object exploration in kea and New Caledonian crows, Royal Society Open Science DOI: 10.1111/jav.01443
Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Малюнак з http://rsos.royalsocietypublishing.org
На гэтую тэму:
НОВАКАЛЕДОНСКІЯ КРУМКАЧЫ ЗНОЎ ЗДЗІВІЛІ НАВУКОЎЦАЎ
РАЗУМНЫЯ ГРАКІ ПАЦВЕРДЖВАЮЦЬ СТАРАЖЫТНУЮ БАЙКУ
НОВАКАЛЕДОНСКІЯ КРУМКАЧЫ МОГУЦЬ ВЫКАРЫСТОЎВАЦЬ ТРЫ ПРЫЛАДЫ ЗА АДЗІН РАЗ!
Шэрыя вароны аказаліся не глупейшымі за чалавека
Вароны вучацца пазбягаць пагроз дзякуючы мёртвым суродзічам
Гавайскія вароны далучыліся да інтэлектуальнай эліты птушак + VIDEO
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ