У лясах унутры гарадоў нашмат меншая відавая разнастайнасць птушак

Шырокамаштабнае і доўгатэрміновае даследаванне, якое правялі навукоўцы з універсітэту Лунд (Швецыя), выразна паказала негатыўны эфект гарадоў на відавую разнастайнасць дзікіх птушак. Аказалася, што гарадзкія лясы насяляе нашмат менш відаў птушак у параўнанні з лясамі падобнага памеру і структуры дрэваў па-за гарадзкімі межамі.

Усяго даследчыкі інвентарызавалі 459 лясоў прыроднага паходжання, якія знаходзяцца ў 32 гарадах і навокал іх у паўднёвай частцы Швецыі. Пасля ўлікаў птушак атрымалася, што ў лясах у цэнтры гарадоў жыве ў сярэднім на 25% менш лясных відаў пярнатых, чым у лясах па-за гарадамі. Калі ж параўновываць толькі рэдкія і знікаючыя віды (endangered species), гэтая розніца павялічваецца ў два разы.

 “Атрыманыя намі вынікі паглыбляюць веды наконт уздзеяння гарадоў на біяразнастайнасць” – сказаў William Sidemo Holm, аспірант і адзін з даследчыкаў. “Добра вядома, што ўрбанізацыя з’яўляецца адным з галоўных фактараў змяншэння біяразнастайнасці, таму што гарады хутка павялічваюць плошчу, якую яны займаюць на планеце. Аднак дагэтуль было малавядома як гарадзкое асяроддзе ўздзейнічае на прыродныя тэрыторыі ўнутры гарадоў. Наша праца паказала, што вы не можаце разлічваць на тое, што аточаная горадам прыродная тэрыторыя застанецца нязменнай, так ці інакш на ёй праявіцца негатыўныя эфекты”.

Навукоўцы спецыяльна параўновывалі паміж сабой толькі падобныя паміж сабой лясы, таму, напрыклад, паркі і лесапаркі ў аналіз не ўключалі. Публікацыя атрымалася адной з першых з параўнаннем складу фауны паводле т.зв. урбаністычнага градыенту.

"Дзякуючы гэтаму мы ведаем, што атрыманыя намі вынікі паўсталі не з-за адрозненняў у месцапражываннях, якія ў парах пад час параўнання былі прыроднымі лясамі, а з-за значных адрозненняў у наваколлі лясоў у гарадах і па-за імі” – сказаў Holm.

Тое, што гарадзкое асяроддзе аказвае такое значнае негатыўнае ўздзеянне на відавую разнастайнасць лясных птушак, хутчэй за ўсё звязана з розным доступам да ежы, кажуць даследчыкі. Гэтак адбываецца таму, што многія віды знаходзяць ежу не толькі паблізу размяшчэння гнязда, але лятаюць параўнальна далёка ў наваколле лесу дзе гняздуюць. А ў гарадах значна менш насякомых, напрыклад. У дадатак некаторыя віды вельмі адчувальныя нават да другаснага іх турбавання чалавекам у выглядзе шума і светлавога забруджвання і менавіта гэтага непараўнальна больш у гарадах.

Адначасова даследаванне паказала, што гарадзкія лясы могуць граць важную роль для відавой разнастайнасці птушак. Цікава, што хаця большасць відаў мае большую колькасць у лясах па-за межамі гарадоў, некаторыя віды наадварот, часцей сустракаюцца ў гарадзкіх лясах. Гэта, напрыклад, таўстадзюб, які карыстаецца з параўнальна большай колькасці садовых дрэваў і іх пладоў як крыніцы ежы ў гарадах.

Крыніца: William SidemoHolm et al, Urbanization causes biotic homogenization of woodland bird communities at multiple spatial scales, Global Change Biology (2022). DOI: 10.1111/gcb.16350

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак таўстадзюба Паўла Лычкоўскага

 

 

На гэтую тэму:

Гарадзкія птушкі жывуць даўжэй, але іх жыццёвы патэнцыял значна горшы

Гарадзкія і негарадзкія вялікія сініцы адрозніваюцца генетычна

У птушак-гараджан большы мозг

Лясныя птушкі не прызвычайваюцца да людзей нават праз дзесяцігоддзі

Недахоп насякомых у гарадах змяншае поспех размнажэння птушак

Гарадзкія шулякі-карагольчыкі больш паспяховыя