У апошнія дзесяцігоддзі зроблена шмат публікацый, прысвечаных адаптацыям паводзін птушак да жыцця побач з чалавекам. І вось чарговая з іх падводзіць вынікі даследавання пра ўздзеянне шумавога забруджвання ад палётаў самалётаў на час і працягласць спеваў птушак у навакольным для аэрапарта лесе.
Нямецкія арнітолагі вывучалі галасавую актыўнасць некаторых вераб’іных відаў птушак, якія жывуць у лесе вакол берлінскага аэрапарта Tegel (Германія) на прыканцы красавіка 2013 і ў пачатку траўня 2014 году. Навукоўцы прыбывалі на месца даследаванняў за гадзіну да ўсходу сонца і пачыналі фіксаваць гукавую актыўнасць птушак чатырмя даследчыкамі з лічбавымі магнітафонамі. З такой самай працягласцю і інтэнсіўнасцю навукоўцы працавалі і на кантрольнай пляцоўцы здалёк ад аэрапарта, дзе адсутнічала антрапагенае гукавое забруджванне - для параўнання вынікаў.
Авіяцыя і аэрапарты доўгі час лічыліся небяспечнымі месцамі для птушак з-за магчымых сутыкненняў пад час руху самалётаў і верталётаў, а таксама з-за высокага ўзроўню шуму, які аэрапарты прадукуюць і звязанага з гэтым стрэсу навакольных жыхароў і цяжкасцях у іх эфектыўнай галасавой камунікацыі.
У адпаведнасці з атрыманымі вынікамі, былі знойдзены дзве галоўныя залежнасці паміж гукавым забруджваннем ад самалётаў і спевамі птушак. Атрымалася, што пяць з 10 відаў спяваючых птушак пачынае спяваць значна раней у наваколлі аэрапорту ў параўнанні з (ціхім) кантрольным месцам. Навукоўцы лічаць, што гэта дае магчымасць птушкам праяўляць сваю галасавую актыўнасць перад пачаткам палётаў самалётаў, пасля пачатку якіх яна у большасці выпадкаў проста не мае сэнсу - бо нечутна.
Арнітолагі пішуць, што хутчэй за ўсё для птушак важная не толькі магчымасць спяваць раніцай пасля ўсходу сонца, але і агульная працягласць спеваў, якія могуць выразна чуць іншыя на працягу сутак. З-за таго, што узлёты самалётаў пачыналіся пасля ўсходу сонца, спевы ў прыцемках напэўна дазвалялі птушкам вакол аэрапарта спяваць даўжэй.
Зранку, калі пачыналіся палёты самалётаў, узровень шума рэзка павялічваўся вакол аэрапарта і ў месцах пражывання птушак дасягаў нават 87 дэцыбел (dbA). Берасцянкі (Fringilla coelebs) пераставалі спяваць, калі шум навокал дасягаў 78 dBA. З-за таго, што падобны ўзровень шуму на працягу дня трымаўся ў сярэднім 25% часу, менавіта столькі ж часу птушкі не мелі сэнсу спяваць. Гэта таксама значыць, што інтэнсіўнае шумавое забруджванне эфектыўна перашкаджае ва ўнутры- і міжвідавой камунікацыі птушак даволі працяглы час сутак.
Не зусім зразумела, як адбываецца адзначаны пераход на больш працяглы графік актыўнасці птушак: дзякуючы змене цыркадных рытмаў ці ў якасці параўнальна кароткачасовых беспасрэдных адказаў на падвышаны шум. У любым выпадку падобныя змены адмоўна ўздзейнічаюць на фізічную кандыцыю такіх птушак і ў доўгатэрмінвай перспектыве могуць змяніць дынаміку іх лакальнай папуляцыі.
Крыніца:
Dominoni, D M, Greif, S, Nemeth, E, and Brumm, H. 2016. Airport noise predicts song timing of European birds. Ecology and Evolution doi:10.1002/ece3.2357.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак самца берасцянкі Андрэя Прыгуна
На гэтую тэму:
Людзі перашкаджаюць птушанятам чуць бацькоў
”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных
Гарадзкі шум змяншае выжывальнасць птушанят вераб’ёў
САМЦЫ ПЯЧУРАЎКІ-БУДАЎНІЧКА СПЯВАЮЦЬ САМІ ДЛЯ СЯБЕ?
Чаму еўрапейскія птушкі спяваюць на зімоўцы ў Афрыцы?
Сенсацыйнае адкрыццё: птушкі могуць камунікаваць падобна да людзей
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ