З-за фаерверкаў гусі шукаюць іншае месца начлегу на адлегласці нават да 500 км

белалобыя гусі

Навукоўцы з Max Planck Institute of Animal Behavior у г. Констанц (Германія) і Інстытута экалогіі (Нідэрланды) з дапамогай GPS трэкераў на працягу 8 сезонаў адсочвалі наступствы навагодніх фаерверкаў для сотняў прадстаўнікоў розных відаў арктычных гусей, якія зімуюць на тэрыторыі Германіі, Даніі і Нідэрландаў.

Дадзеныя пра перамяшчэнні гусей 4 відаў напярэдадні і адразу пасля новага году паказалі, што ў першую ноч студзеня птушкі раптоўна адляталі з месцаў свайго начлегу і перамяшчаліся далёка ад паселішчаў людзей. Напалоханыя фаерверкамі гусі спалі ў сярэднім на 2 гадзіны менш, чым у папярэднія ночы і часам без адпачынку ляцелі нават да 500 км – падобныя паводзіны да гэтага ў іх пад час зімовак не адзначалася. Аднак найгоршым было тое, што пасля нашага святкавання новага году такія напалоханыя фаерверкамі гусі харчаваліся нашмат даўжэй (каб аднавіць страчаную пад час працяглага пералёту энергію) і ўжо ніколі не вярталіся на папярэдняе месца начлегу.

У апошняе дзесяцігоддзе ў Еўропе зрабілі шэраг даследаванняў негатыўных наступстваў фаерверкаў на дзікіх птушак. Так, напрыклад, у Нідэрландах выкарысталі для гэтага радар для адсочвання надвор’я, які паказаў, як тысячы птушак узлятаюць пад час начлегу пасля пачатку запускаў фаерверкаў на новы год. Нядаўна з’явіўся артыкул, прысвечаны некаторым фізіялагічным наступствам масавага запуску фаерверкаў у навагоднюю ноч на дзікіх шэрых гусях (Anser anser). Аднак да апошняга часу не было зразумела, ці нашы навагоднія святкаванні маюць уздзеянне на значныя для выжывання птушак паводзіны, такія, як харчаванне ці сон, і ці здольныя птушкі хутка вярнуцца ў папярэдні да фаерверкаў стан.

GPS трэкеры адсочвалі перамяшчэнні 347 птушак за 12 дзён да новага году і 12 - пасля яго на працягу 8 гадоў запар. Прычым кожная асобіна насіла трэкер у сярэднім 2 гады. Даследаваліся птушкі чатырох відаў: белашчокая казарка (Branta leucopsis), белалобая (A. albifrons), гусь-гуменніца (A. fabalis) і кароткадзюбая гуменніца (A. brachyrhynchus). Прадстаўнікі гэтых відаў збольшага гняздуюць у тундры і зімуюць на поўначы Германіі, у Даніі і Нідэрландах. Птушкі ўсіх гэтых відаў паказалі сур’ёзныя змены ў паводзінах пасля новагодняй ночы з масавым запускам фаерверкаў паблізу месцаў іх начлегу.

птушкі

Звычайна гусі вяртаюцца начаваць на той самы вадаём некалькі начэй запар, адпачываюць на паверхні вады і перасоўваюцца вельмі мала – такім чынам птушкі эканомяць энергію. Патурбаваныя пад час начлегу птушкі могуць змяніць вадаём на наступную ноч ці нават адляцець начаваць на іншы адразу нават уначы. Аднак у навагоднюю ноч, пасля пачатку запуску фаерверкаў, гусі адлятаюць са сваіх месцаў начлегу значна часцей і пераадольваюць у сярэднім адлегласць на 5-16 км большую за папярэднія ночы на вышыні ад 40 да 150 м вышэй звычайнага. Самай вялікай адлегласцю пасля фаерверкаў стаў пералёт ў навагоднюю ноч аднаго гуся нават на 500 км!

"Для нас стала шокам убачыць на колькі далей гусі ляцяць у ноч з фаерверкамі ў параўнанні з іншымі начамі” – сказала Dr. Andrea Kölzsch з Max Planck Institute of Animal Behavior і галоўная аўтарка публікацыі па выніках даследавання. “Некаторыя асобіны адлятаюць на сотні кіламетраў – адлегласць, якую яны звычайна пераадольваюць толькі пад час міграцыі”.

Акрамя збору дадзеных па перамяшчэнню птушак, навукоўцы мералі канцэнтрацыю цвёрдых часціц у паветры каля месцаў начлегу гусей. Аказалася, што яна павялічвалася нават да 6,5 разоў пасля навагодняй ночы на ўсіх правераных акваторыях. “Мы знайшлі, што птушкі змяняюць свае месцы начлегу і выбіраюць для гэтага вадаёмы далей ад людзкіх паселішчаў, што яўна сведчыць пра страх фаерверкаў і жаданне пазбегнуць іх” – сказала Kölzsch.

Акрамя пералётаў з мэтай пазбегнуць фаерверкаў у навагоднюю ноч, гусі пасля яе харчаваліся ў сярэднім на 10% даўжэй і перамяшчаліся менш на працягу наступных 12 дзён. “Такім чынам птушкі яўна кампенсавалі страту энергіі пасля пералётаў, якая адбылася ў навагоднюю ноч, убачыўшы і пачуўшы фаерверкі побач са сваім месцам начлегу” – сказаў Bart Nolet, старэйшы даследчык з the Netherlands Institute of Ecology і адзін з сааўтараў публікацыі.

У апошні год правядзення даследаванняў, у зіму 2020/21, калі былі ўведзены абмежаванні на перамяшчэнне людзей і выкарыстанне фаеверкаў з-за пандэміі каронавіруса, атрымаўся незапланаваны эксперымент з параўнаннем уздзеяння святочных выбуховых прыладаў з іншымі зімамі. Аднак нават значнае скарачэнне маштабаў і частаты запускаў фаерверкаў у навагоднюю ноч 2020/21 г. прычынілася да тых самых эфектаў на змену месцаў начлегу з далёкімі і высокімі пералётамі для 2 з 4 адсочваных відаў гусей.

"Гэта значыць, што нават значна абмежаваная колькасць фаерверкаў змяняе паводзіны гусей такім чынам, што яны могуць зменшыць іх выжывальнасць у суворыя зімы” - сказаў Nolet. "Каб забяспечыць бяспечныя ўмовы зімоўкі для птушак, неабходна забараніць выкарыстанне фаерверкаў у нацыянальных парках і іншых ахоўваемых прыродных тэрыторыях, а таксама паблізу месцаў скаплення птушак на начлег”.

Крыніца: Andrea Kölzsch et al, Wild goose chase: Geese flee high and far, and with aftereffects from New Year's fireworks, Conservation Letters (2022). DOI: 10.1111/conl.12927

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымкі белалобых гусей Уладзіміра Бондара

 

 

На гэтую тэму:

Шэрым гусям патрэбна нават да 4 гадзін, каб супакоіцца пасля фаерверкаў

Гусі здольныя аблятаць ветраныя электрастанцыі

Перамога арлоў і арланаў: суд у ЗША адмяніў “правіла 30 гадоў”