Паказана яшчэ адна функцыя спеваў для птушак на прыкладзе зебравых амадзін

Хаця зебравыя амадзіны (Taeniopygia guttata) – адны з самых вывучаных птушак на Зямлі, амаль усе даследаванні, праведзеныя з імі, былі зроблены ва ўмовах няволі. Каманда навукоўцаў з Wageningen University & Research (Нідэрланды) назірала за паводзінамі гэтых птушак у прыродных умовах Аўстраліі, і таму атрыманыя імі вынікі яўна адносяцца да дзікіх птушак. Тут амадзіны спявалі часцей у большай кампані і тады, калі ўмовы станавіліся адпаведнымі для гнездавання. Акрамя гэтага, песня змянялася па меры прагрэсу гнездавання і прыцягвала іншых зебравых амадзін.

Даследчыкі прапанавалі наступнае тлумачэнне: спяваючыя птушкі ўздзейнічаюць адна на адну і змяняюць свае і чужыя паводзіны. Гэта даволі нечаканыя высновы, таму што дзве галоўныя і агульнапрынятыя функцыі спеваў птушак гэта абарона тэрыторыі і прыцягванне на яе партнёра. "Аднак гэтыя функцыі слаба пасуюць спевам зебравых амадзін” – сказаў Hugo Loning, адзін з аўтараў публікацыі па выніках даследавання. "Зебравыя амадзіны не тэрытарыяльныя птушкі і часта знаходзяць свайго пастаяннага партнёра ў пачатку (дарослага) жыцця. Больш таго, яны вельмі верныя адно аднаму і здрады ў іх вельмі рэдкія.”

Таму калі асноўныя прычыны спеваў ім не пасуюць, узнікае пытанне: чаму яны спяваюць, ды яшчэ так многа? Loning працягвае: "Нашы назіранні паказалі, што амадзіны ў прыродзе спяваюць у групах, што само па сабе здзіўляе. Акрамя гэтага, чым больш птушак у групе размнажаецца, тым больш яны спяваюць і песні самцоў змяняюцца адпаведна з этапамі гнездавання.”

"Такім чынам, як амадзіна вы можаце зразумець лакальныя ўмовы гнездавання толькі па інтэнсіўнасці і характару спеваў іншых амадзін”. З-за таго, што від жыве ў месцах з умовамі наваколля, якія цяжка загадзя прадказаць, спевы дазваляюць сінхранізаваць сваю – і чужую – гнездавую актыўнасць з іншымі птушкамі. З пункту гледжання натуральнага адбору, падобная сінхранізацыя дапамагае птушкам упэўніцца, што яны не памыліліся з пачаткам гнездавання і іншыя птушкі групы таксама лічаць гэтыя ўмовы адпаведнымі. Акрамя таго, вялікая колькасць птушанят у розных гнёздах у адным месцы змяншае рызыку таго, што кожнае асобнае з іх будзе з’едзена драпежнікам ды і пазней павялічвае магчымасць сацыяльнага навучання ў птушанят.

Крыніца: Hugo Loning et al, The social role of song in wild zebra finches, Current Biology (2022). DOI: 10.1016/j.cub.2022.11.047

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.carnivoraforum.com

 

 

На гэтую тэму:

Птушкі паказалі эвалюцыйныя перавагі закаханасці

Птушкі могуць адрозніваюць шматлікіх суседзяў таго ж віду толькі па голасу

Чым больш братоў-сёстраў у гняздзе, тым больш камунікабельнымі вырастаюць птушаняты