Вялікая міжнародная каманда арнітолагаў, дзякуючы вялізарнай базе дадзеных EURING Data Bank пра перамяшчэнні акальцаваных за больш, чым стагоддзе тысячах лебедзяў-клікуноў (Cygnus cygnus) у розных краінах Еўропы, змагла ацаніць накіраванасць і інтэнсіўнасць ‘абмену’ птушкамі паміж двума адасобленымі еўрапейскімі гнездавымі папуляцыямі віду.
Гэтыя папуляцыі знаходзяцца адна ў Ісландыі і птушкі з яе амаль усе зімуюць у Вялікабрытаніі і Ірландыі, а другая ў Феннаскандыі і краінах Балтыі з суседнімі Польшчай і Беларуссю.
Для дасягнення пастаўленай даследчыкамі мэты, яны выкарысталі дадзеныя па месцах кальцавання, інфармацыю пра назіранні акальцаваных птушак і знаходкі мёртвых птушак з кольцамі з пачатку мінулага стагоддзя не толькі з базы EURING Data Bank, але таксама з нацыянальных цэнтраў кальцавання і ад асобных кальцавальнікаў. З больш чым 18.000 лебедзяў-клікуноў, якія былі акальцаваныя ў 17 краінах Еўропы з 1979 году, толькі 172 птушкі (0,94%) былі пазней адзначаны па-за прыкладнымі межамі арэалу той біягеаграфічнай папуляцыі, з якой яны паходзяць.
З 12.324 клікуноў, акальцаваных у Ісландыі, на Брытанскіх астравах і ў Ірландыі, 125 птушак былі пазней заўважаны ў розных краінах кантынентальнай Еўропы (і значыць у межах арэалу т.зв. Феннаскандынаўскай папуляцыі). Тады як з 5.958 птушак, якіх акальцавалі ў кантынентальнай Еўропе, толькі 47 асобін пазней адзначаліся ў межах арэалу ісландзкай папуляцыі:
Мапы з Brides et al. 2023.
І хаця ўзаемны абмен птушкамі паміж двума папуляцыямі працягваецца (апошняе назіранне гэтага адбылося ў 2021 годзе), доля такіх птушак вельмі невялікая і ніколі не была большай за 1%. Таму, між іншым, гэта не дае магчымасці казаць пра значныя памылкі ў ацэнках колькасці абодвух папуляцый па гэтай прычыне.
Крыніца: Brides, K et al. 2023. Interchange of individuals between two Whooper Swan Cygnus cygnus populations, and its effect on population size estimates. Ringing & Migration. DOI: https://doi.org/10.1080/03078698.2022.2161004
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Паўла Лычкоўскага
На гэтую тэму:
Лебедзі-клікуны ў Брытаніі - амаль па Шэкспіру
Лебедзь-клікун з Польшчы летаваў …пад Варкутой
Германія – новае важнае месца зімоўкі малых лебедзяў
Больш частыя сустрэчы малых лебедзей у Беларусі – вынік утварэння новых месцаў зімоўкі?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ