Лебедзь-клікун з Польшчы летаваў …пад Варкутой

Дзякуючы сучасным тэхналогіям і прыладам, якія іх выкарыстоўваюць, мы ўсё больш і больш даведваемся пра шляхі міграцыі, месцы зімоўкі і летавання не толькі асобных птушак, але і асобных папуляцый самых розных відаў. Часам асаблівасці пералётаў птушак выклікаюць моцнае здзіўленне, і гэтая гісторыя яўна з такіх.

Першыя GPS-GSM перадатчыкі на маладых лебедзей-клікуноў (Cygnus cygnus) з Польшчы былі прымацаваныя ў 2019 годзе. З іх дапамогай навукоўцы хацелі даведацца пра месцы зімоўкі, летавання маладых птушак да дасягнення імі палавой спеласці, філапатрыю (вернасць) да месцаў размнажэння ды іншыя аспекты жыцця гэтага віду.

Да гэтага падобныя даследаванні праводзілі пераважна ў Латвіі і яны паказалі, што маладыя птушкі праводзяць сваё другое лета даволі далёка ад месца нараджэння, нават да 2,5 тысячы км на паўночны ўсход ад яго. Каляровыя ашыйнікі, якімі пазначаліся клікуны, ўжо раней дапамаглі даведацца, што польскія птушкі зімуюць параўнальна недалёка ад месцаў нараджэння – у сярэднім на адлегласці каля 150 км ад іх.

Адзін з лебедзяў, які прыйшоў на Свет у самым старым месцы гнездавання віду ў Польшчы, у Шлёнскім ваяводзтве, атрымаў перадатчык перад тым, як навучыўся лятаць і сваю першую зіму правёў у даліне Барычы, у 129 км ад месца вылуплення. Потым да 17 мая ён знаходзіўся ў раёне Уроцлава, а на наступны дзень сігнал ад яго прыйшоў ужо з Беларусі, куды ён праляцеў 678 км з 5:30 да 23:00 (з кароткімі, па 2-3 хвіліны, адпачынкамі пад час пералёту). Тут ён затрымаўся да 28 мая, а адтуль у 6:00 вырушыў далей на поўнач і за наступныя 4 дні праляцеў 1617 км (адпаведна 346, 437, 568 i 266 км). Днём 30 мая гэты малады лебедзь ужо ляцеў уздоўж паўднёвага берага воз. Анега (тут і далей, у Расіі), але на возеры не затрымаўся.

З 1 па 5 чэрвеня ён адпачнуў на р.Пінега, потым праляцеў яшчэ 218 км, начаваў на таёжных балотах. Наступны пералёт, 192 км на паўночны ўсход і адпачынак да 13 чэрвеня на р.Іжма, адбыўся прыкладна ў 30 км ад яе вусця ў р.Пячора. Тут і праявіўся галоўны недахоп перадатчыкаў на базе мабільнай сувязі – птушка аказалася па-за зонай пакрыцця сотавых вышак і перадатчык перастаў дасылаць сігналы. На наступны сеанс перасылкі дадзеных ад гэтага лебедзя прыйшлося чакаць цэлы год! Звязана гэта было з нізкім узроўнем зарадкі батарэі, якая не перадавала вялікую колькасць запісаных дадзеных нават там, дзе такая магчымасць была. Справа ў тым, што мы ведалі, што птушка жывая дзякуючы каляроваму ашыйніку і яе некалькі разоў здымалі ў Паўночна-Уходняй Германіі, дзе яна зімавала зімой 2020-21 гг. у Шчэцінскім заліве на Балтыцы.

мапа

Тым не менш перадатчык нарэшце даслаў агромны ‘пакет’ дадзеных – некалькі тысяч лакалізацый лебедзя за мінулы і гэты год. Канчатковае месца летавання птушкі аказалася невялічкім возерам (з даўжынёй толькі 370 м) у тундры, у 60 км на паўночны ўсход ад Варкуты! Такім чынам, на працягу месяца (з 17 мая да 16 чэрвеня) лебедзь праляцеў больш 3.900 км, што па прамой склала адлегласць 3120 км ад месца нараджэння. На жаль, застаецца невядомым, ці ляцеў ён туды самастойна, ці з іншымі прадстаўнікамі сям’і, ці з іншымі клікунамі.

Атрыманне падобных падрабязных дадзеных не было б магчымым без грошай на перадатчык і атрыманне з яго дадзеных, на што скінуліся 117 чалавек! Дзякуем ім за падтрымку і фірме Interrex - rings & telemetry за тэхнічную дапамогу на ўсіх этапах.

Паводле Łabędź krzykliwy w Polsce (тэкст, мапа і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Лебедзі-клікуны ў Брытаніі - амаль па Шэкспіру

Лебедзь імя Джэймса Бонда мае свой дэвайс

Новы партнёр – новае шчасце?

Малы грыцук паставіў чарговы рэкорд безпасадачнага пералёту!