Хануманаў зуёк (Charadrius seebohmi), які атрымаў сваю назву ў гонар аднаго з індуісцкіх багоў – Ханумана (Hanuman), пасля дэталёвых даследаванняў, ізноў атрымаў відавы статус. Амаль 90 апошніх гадоў хануманаў зуёк лічыўся падвідам марскога (Ch. alexandrinus). Зараз навукоўцы мяркуюць, што адноўлены відавы статус дапаможа лепш ахоўвываць птушак і іх месцапражыванні.
Зуйкі – вялікая група кулікоў, якая мае амаль касмапалітычнае распаўсюджанне. Адным з самых распаўсюджаных з іх яшчэ некалькі гадоў таму лічыўся марскі зуёк, які насяляў узбярэжжы розных кантынентаў: ад Паўднёвай Амерыкі праз Еўропу да Паўднёва-Усходняй Азіі, прычым многія папуляцыі лічыліся асобнымі падвідамі.
"Марскі зуёк – выдатны прыклад агульнага трэнду ў класіфікацыі птушак з сярэдзіны да канца мінулага стагоддзя, калі розныя таксоны аб’ядноўваліся ў адзін” – сказаў Dr. Alex Bond, адзін з сааўтараў артыкула па выніках даследавання. "Аднак прыкладна з пачатку нашага стагоддзя пачаўся адваротны трэнд – вылучаць ранейшыя падвіды ў якасці асобных відаў”.
Адной з праяваў гэтага стала вылучэнне ў 2009 г. ў якасці асобнага віду снежнага зуйка (Ch. nivosus), раней аднаго з падвідаў марскога зуйка, які распаўсюджаны на амерыканскіх кантынентах. Аказалася, што генетычна амерыканскія зуйкі адрозніваюцца ад еўрапейскіх і азіяцкіх больш, чым раней прызнаныя асобнымі відамі еўрапейскія і афрыканскія.
Каб праверыць сапраўдны статус марскіх зуйкоў з Цейлону (Шры Ланкі) і паўднёвай Індыі, навукоўцы параўналі генатыпы і зрабілі прамеры як жывых птушак, так і скурак, якія захоўваюцца ў музейных калекцыях па ўсяму Свету з гэтых краін і марскіх зуйкоў з Еўропы.
Дзякуючы гэтаму атрымалася знайсці не толькі невялікія адрозненні ў афарбоўцы апярэння, але зуйкі са Шры Ланкі аказаліся з меншымі крыламі, дзюбамі і рулявымі, чым птушкі намінатыўнага (пад)віду. У апошніх у абодвух палоў чорныя ногі, тады як у ханеманавых зуйкоў ногі цёмна-шэрага колеру. Па назіраннях у прыродзе, адрозніваецца тэрмін і характар лінькі зуйкоў з абодвух таксонаў. Адрозненні ў генатыпах сведчаць пра адасабленне відаў 1,2 мільёна гадоў таму. Усе разам знойдзеныя адрозненні дазваляюць лічыць марксога і ханеманава зуйкоў асобнымі відамі.
Хаця відавая назва на лацінскай мове згодна з правілам прыярытэту заалагічнай наменклатуры засталася той жа, якой была ў падвіда, даследчыкі прапанавалі для адноўленага віду новую назву на англійскай - Hanuman plover - у гонар аднаго з багоў індуісцкага пантэону. Згодна з легендамі, менавіта Хануман збудаваў мост паміж паўднёвай Індыяй і Шры Ланкой.
Крыніца: Jude Janitha Niroshan et al, Systematic revision of the 'diminutive' Kentish Plover (Charadriidae: Charadrius) with the resurrection of Charadrius seebohmi based on phenotypic and genetic analyses, Ibis (2023). DOI: 10.1111/ibi.13220
Паводле www.phys.org (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Марскі (з левага боку) і ханyманаў зуйкі
На гэтую тэму:
Марскі і снежны зуйкі – асобныя віды
Амерыканскі марскі зуёк упершыню загнездаваў у Еўропе
Генетычны аналіз пацвердзіў, што тонкадзюбы кулён – асобны від
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ