Амерыканскі марскі зуёк упершыню загнездаваў у Еўропе

Амерыканскі від кулікоў можа быць дададзены да еўрапейскага спісу гняздуючых птушак – на Азорскіх астравах быў адзначаны амерыканскі марскі зуёк (Charadrius vociferus) з двума птушанятамі.
Незвычайнае адкрыццё было зроблена мясцовым бёдуотчарам Аланам Віттэры (Alan Vittery), які выпадкова адзначыў кулічыную сям’ю на востраве Санта Марыя. Да гэтага ён некалькі разоў назіраў кулікоў гэтага віду з мінулагодняй восені, аднак і сам быў здзіўлены, калі ўбачыў іх у траўні.

Назіранне было зроблена сапраўды праз шчаслівы збег абставінаў: Алан адвозіў суседзяў у аэрапорт, калі на падсыхаючых сажалках каля дарогі заўважыў кулічкоў. Ён прыпыніўся і пачаў іх здымаць, як два птушаняці выбеглі з-за спіны дарослых птушак. Наступным ранкам ён вярнуўся на гэтае месца і зрабіў больш здымкаў.
Амерыканскі марскі зуёк – адзін з найменш часта назіраемых у Заходняй Палеарктыцы амерыканскіх кулікоў, аднак менавіта Азорскія астравы – найбольш наведваемае кулічкамі месца па гэты бок Атлантычнага акіяну. Сайт Birding Azores мае 18 рэгістрацый віду тут, палова з іх зроблена ў апошняе дзесяцігоддзе. Аднак гэтыя дадзеныя не ўключаюць рэгістрацыі віду з апошняй зімы, калі на востраве Санта Марыя былі адзначаны як мінімум 5 розных асобін.
Як самы апошні від прыбярэжных птушак з Неарктыкі, які загнездаваў у Заходняй Палеарктыцы, амерыканскі марскі зуёк далучыўся да непрацяглага спісу, ў які раней трапілі арктычны пясочнік (Calidris melanotos) і амерыканскі перавозчык (Actitis macularius) (абодва віды гняздуюць у Шатландыі), а таксама банапартаў пясочнік (Calidris fuscicollis) (які быў адзначаны такуючым на востраве Svalbard).

Паводле www.birdwatch.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На гэтую тэму:

Марскі і снежны зуйкі – асобныя віды