Каліфарнійскія кондары будуць правакцыянаваныя ад птушынага грыпу

Улады ЗША афіцыйна дазволілі вакцынацыю каліфарнійскіх кондараў (Gymnogyps californianus) ад птушынага грыпу. Від мае крытычна пагражаемы (Critically Endangered) ахоўны статус і негледзячы на доўгатэрміновую эфектыўную праграму па рэінтрадукцыі ў прыроду Паўночнай Амерыкі, у прыродзе знаходзяцца ўсё яшчэ не больш за 300 асобін кондараў.

Гэта першы выпадак, калі атрымана ‘зялёнае святло’ у актыўных дзеяннях у барацьбе супраць высока патагеннага віруса птушынага грыпу (highly pathogenic avian influenza (HPAI)) ў ЗША. Дазвол атрыманы ў час, калі штам H5N1 параўнальна хутка распаўсюдзіўся ў мностве краін на розных кантынентах і застаецца актыўным нашмат даўжэй, чым гэта бывае звычайна. Такім чынам, ахвярамі віруса ўжо сталі сотні мільёнаў птушак па ўсяму Свету.

Ветэрынары ў некаторых краінах ужо вакцыянавалі птушак ад птушынага грыпу, уключна са свойскімі птушкамі на фермах. Параўнальная эфектыўнасць гэтых дзеянняў прадэманстравала магчымасць іх выкарыстання і іншымі краінамі, у тым ліку і ЗША.

Рашэнне па вакцынацыі каліфарнійскіх кондараў зусім не азначае таксама пачатак вакцынацыі свойскіх птушак у птушкагадоўлі, хаця эфекты прымянення вакцыны для кондараў будуць пільна адсочвацца ветэрынарамі.  

Хаця першыя выпадкі смерці каліфарнійских кондараў сёлета былі адзначаны толькі ў сярэдзіне красавіка, да пачатку чэрвеня іх стала ўжо 21. Прычым у 15 выпадках пацверджана заражэнне HPAI. Падобнае маштабнае і хуткае распаўсюджанне небяспечнай хваробы занепакоіла спецыялістаў па ахове прыроды, якія шмат зрабілі ў апошнія дзесяцігоддзі, каб вярнуць від у прыроду і вельмі павольна аднаўлялі яго колькасць.

Упершыню масавае запражэнне свойскіх і дзікіх птушак птушыным грыпам было зарэгістраванае ў 1996 годзе ў Кітае. З таго часу адбываліся нерэгулярныя ўспышкі HPAI у розных краінах і рэгіёнах Свету, якія звычайна былі найбольш заўважнымі ўвосень і знікалі да наступнай вясны. Аднак з канца 2021 году маштабныя захворванні птушыным грыпам так і не скончыліся і былі адзначаны ў вялікай колькасці відаў дзікіх і свойскіх птушак, а таксама і ў некаторых відаў звяроў.

На сённяшні дзень для выкарыстання даступныя некалькі вакцын супраць H5N1, але іх масавае прымяненне ўсё яшчэ застаецца контраверсійным з-за параўнальна вялікіх коштаў вакцынацыі, а таксама значных абмежаванняў па магчымасцях далейшага выкарыстання вакцыянаваных свойскіх птушак.

Кондары ў гістарычны час займалі вялізарную тэрыторыю, ад Брытанскай Калумбіі да Мексікі. Аднак з-за непасрэднага вынішчэння віда, а таксама з-за дэградацыі месцаў пражывання і атручвання птушак свінцовай паляўнічай амуніцыяй пад час харчавання падаллю, від значна скраціў сваю колькасць. На пачатак 1980-х гадоў у прыродзе засталіся толькі 22 птушкі, якіх адлавілі і яны сталі асновай для праграмы аднаўлення і рэінтрадукцыі кондараў у прыроду, якая працягваецца і сёння.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з https://en.wikipedia.org

 

 

На гэтую тэму:

Кондоры вернутся в небо Северной Калифорнии после почти столетия отсутствия

Першы за 120 год каліфарнійскі кондар паспяхова выляцеў з гнязда ў нацпарку Pinnacles

Два каліфарнійскіх кондара з’явіліся на Свет дзякуючы партэнагенезу, без удзелу самцоў