Вароны і сарокі навучыліся будаваць гнёзды з анці-птушыных прыладаў

сарока

Нядаўна з’явіўся падрабязны агляд, які аналізуе выкарыстанне ў гнёздах 176 відамі птушак разнастайнага чалавечага смецця – ад рыбачых сетак і пластыкавых пакетаў ды шнуроў да сігарэтных недапалкаў. Аднак іншае даследаванне нідэрландзкіх арнітолагаў можа здзівіць каго заўгодна. У ім навукоўцы апісваюць выпадкі выкарыстання птушкамі фактычна анці-птушыных прыстасаванняў – металічных стужак з доўгімі шыпамі.

Такія стужкі часта выкарыстоўваюць для таго, каб перашкодзіць птушкам сядаць на будынкі і скульптуры. Аднак знойдзеныя ў Ротэрдаме (Нідэрланды) і Антверпене (Бельгія) гнёзды крумкачовых былі зроблены птушкамі амаль выключна з гэтага матэрыялу!

Гэтае нечаканае адкрыццё прымусіла даследчыкаў з Natural History Museum у Ротэрдаме і  Naturalis Biodiversity Center у Лейдэне пашукаць падобныя птушыныя канструкцыі з дапамогай інтэрнету. І атрымалася знайсці яшчэ два гнязда з анці-птушыных шыпоў – па аднаму ў Глазга (Шатландыя) і ў Enschede (Нідэрланды).

птушкі

Здымак з www.bbc.com

“Я сапраўды думаў, што бачыў у сваім жыцці ўсё” – сказаў Kees Moeliker, дырэктар Natural History Museum Rotterdam, які вывучаў гнездаванне чорных варон (Corvus corone) навокал чыгуначнага вакзалу Ротэрдама, дзе і знайшоў незвычайнае гняздо. “Я не чакаў убачыць нешта падобнае. Гэтыя металічныя шыпы выкарыстоўваюць каб адпужваць птушак, яны павінны ім перашкаджаць, аднак аказалася, што птушкі могуць іх выкарыстоўваць з карысцю для сябе”.

Тады як гняздо каля вакзала ў Ратэрдаме было зроблена чорнымі варонамі, усе іншыя 3 падобныя выпадкі тычацца гнёздаў сарок (Pica pica), якія вядомыя гнёздамі шарападобнай формы ‘з дахам’. І калі вароны выкарысталі стужкі з шыпамі для асновы гнязда, то сарокі нават змаглі часткова `вярнуць` шыпам іх першапачатковую функцыю – птушкі размясцілі большасць шыпоў на даху гнёздаў, дзе тыя паспяхова перашкаджаюць пранікнуць у гняздо драпежнікам, напрыклад птушкам і куньім.

птушкі

Здымак Auke-Florian Hiemstra / Natuurhistorisch Museum Rotterdam

Auke-Florian Hiemstra, біёлаг з Naturalis Biodiversity Center, сказаў: “Для мяне як для даследчыка гэта самыя дзіўныя гнёзды, якія я бачыў”.

Dr Jim Reynolds, арнітолаг з University of Birmingham (Вялікабрытанія), таксама быў моцна здзіўлены адкрыццём калег з Нідэрландаў і пракаментаваў гэта наступным чынам: “Крумкачовыя добра вядомыя сваімі пазнавальнымі здольнасцямі, таму пабудова падобнага гнязда прадстаўнікамі гэтай групы птушак хутчэй іронія. Яны яшчэ больш здзіўляючыя, чым я думаў. Шыпы не толькі могуць дапамагчы ў абароне гнязда, але і  дэманструюць незвычайныя здольнасці патэнцыйнаму партнёру па гнездаванні”.

Крыніцы:

Hiemstra, A.F., Moeliker, C.W., Gravendeel, B. & Schilthuizen, M. 2023 Bird nests made from anti-bird spikes DEINSEA 21: 17 - 25 [published 11 July 2023]

Z. Jagiełło et al 2023 Why do some bird species incorporate more anthropogenic materials into their nests than others? Philosophical Transactions of the Royal Society B Biological Sciences DOI: 10.1098/rstb.2022.0156

Паводле www.theguardian.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак сарокі з www.featherbase.info  

 

 

На гэтую тэму:

Гарадскія птушкі маюць карысць ад курыльшчыкаў