Гарадскія птушкі маюць карысць ад курыльшчыкаў

Некаторыя птушкі ўцяпляюць свае гнёзды цыгарэтнымі фільтрамі, дзякуючы якім гняздо застаецца яшчэ і свабодным ад гнездавых паразітаў. Пра гэта сведачаць вынікі даследавання, праведзенага навукоўцамі з універсітэту Св.Эндр’ю (Шатландыя).

Нікацін і іншыя хімічныя рэчывы, якія затрымаў фільтр цыгарэты, атрымліваюцца выдатным пестыцыдам, які забівае і адпужвае эктапаразітаў. Дадаткова целюлозныя валокны фільтраў забяспечваюць ізаляцыю, неабходную для ўцяплення гнязда.

Даследчыкі праверылі гнёзды дамовых вераб’ёў (Passer domesticus) і дамовых юркоў (Haemorhous mexicanus)  у сталіцы Мексікі – аказалася, што кожнае з іх утрымлівала ў сярэднім па 10 цыгарэтных фільтраў: ад іх адсутнасці да 48 штук.

Там, дзе фільтраў было больш, навукоўцы змаглі знайсці менш эктапаразітаў – пухаедаў і кляшчэй.

Каб праверыць анці-паразітарнае дзеянне менавіта выкарыстаных фільтраў, навукоўцы клалі чыстыя і выкарыстаныя фільтры ў тэрмальныя лавушкі, размешчаныя ў гнёздах. Цяпло з такіх лавушак прываблівала кляшчэй, але там, дзе былі выкарыстаныя фільтры з выпаленых цыгарэт, кляшчэй амаль не было.

Дагэтуль ужо былі вядомыя выпадкі выкарыстання рознымі відамі птушак розных араматычных раслін, якія яны прыносілі ў гняздо каб трымаць яго ў чысціні ад эктапаразітаў. Аднак упершыню атрымалася паказаць выкарыстанне птушкамі для гэтай мэты рэчаў, створаных чалавекам.

Д-р Канстантына Маціас Гарсія (Dr Constantino Macias Garcia), які кіраваў даследаваннем у Мексіцы лічыць, што пестыцыднае дзеянне выкарыстаных фільтраў магло быць выкрыта птушкамі выпадкова, бо спачатку яны маглі збіраць іх толькі для ізаляцыі гнязда, а дадатковыя карысныя свойствы былі адзначаны птушкамі пазней.

Зразумела, што птушкі могуць параўнальна лёгка адрозніваць выкарыстаныя фільтры па запаху – таксама, як яны гэта робяць у выпадку лістоў араматычных раслін.

Крыніца:

Suárez-Rodríguez, M, López-Rull, I and Garcia, C M. 2012. Incorporation of cigarette butts into nests reduces nest ectoparasite load in urban birds: new ingredients for an old recipe? Biology Letters: DOI: 10.1098/rsbl.2012.0931

 

Паводле www.news.bbc.co.uk  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 

Здымак маладога дамовага вераб'я Мікалая Вераб'я

На гэтую тэму:

СІНІЯ СІНІЦЫ З КОРСІКІ ВЫКАРЫСТОЎВАЮЦЬ АРОМАТЭРАПІЮ

Гарадзкі шум змяншае выжывальнасць птушанят вераб’ёў

Вялікія сініцы дапамагаюць абараняцца ад драпежнікаў сваім суседзям

 

Comments