Незвычайна сабраныя дадзеныя паказалі маштаб ўздзеяння амерыканскай норкі на гагу ў Ісландыі

Многія віды птушак на астравах аказаліся пад пагрозай знікнення з-за чужародных відаў. Каманда даследчыкаў з Ісландыі вырашыла выкарыстаць даволі незвычайныя доўгатэрміновыя дадзеныя, каб ацаніць негатыўнае ўздзеянне інтрадукаванай амерыканскай норкі (Neogale vison) на абарыгенны від качак – звычайную гагу (Somateria mollissima) на астравах Brokey.

Супольнасці відаў на астравах маюць тэндэнцыю існаваць у параўнальна невялікіх папуляцыях і арэалах, а таксама мець абмежаваныя абарончыя механізмы супраць драпежнікаў або не мець іх зусім. Таму яны больш уразлівыя да біялагічных інвазій, чым прадстаўнікі тых жа ці блізкіх відаў на кантынентах. Гэта як раз адпаведны выпадак у адносінах да наземнагняздуючых відаў птушак і інвазійнага чужароднага віда драпежных звяроў: амерыканскай норкі і ісландзкага падвіда звычайнай гагі (S. m. borealis).

Прыкладна 16% сусветнай і 32% еўрапейскай папуляцыі звычайнай гагі гняздуе ў Ісландыі (BirdLife International, 2019), дзе птушкі маюць не толькі вялікае экалагічнае, але таксама і культурнае ды гістарычнае значэнне для мясцовага насельніцтва. Штогод з гнёзд гэтых качак людзі забіраюць гагачы пух агульнай вагой каля 3 тысяч кг, які потым выкарыстоўваецца ў высокаякасным адзенні і коўдрах.

Гагачы пух збіраецца ў Ісландыі стагоддзямі і колькасць гнёздаў гэтых качак штогод дакладна рэгіструецца мясцовымі сем’ямі зборшчыкаў для кожнага з астравоў. Дзякуючы гэтаму навукоўцы змаглі выкарыстаць дадзеныя пра колькасць гняздуючых гагаў з двух архіпелагаў. Першы з іх аб’ядноўвае 95 астравоў і дадзеныя па гнёздах гагаў на іх былі ўзятыя за 123 гады, другі ж складаецца з 39 астравоў і дадзеныя былі выкарыстаны за 27 гадоў.

"Гэтыя незвычайныя дадзеныя грамадзкай навукі вельмі каштоўныя, таму што збіраліся аднолькавым метадам на працягу многіх гадоў. Сем’і, якія іх запісывалі не толькі лепш за іншых ведаюць свае астравы, але таксама і месцы гнездавання гагаў, іншых жывёл, якія жывуць побач і ворагаў качак” - сказаў Jón Einar Jónsson, адзін з сааўтараў публікацыі па выніках даследавання, які прадстаўляе ўніверсітэт Ісландыі.

Выкарыстоўваючы гэтыя незвычайна сабраныя дадзеныя, навукоўцы змаглі вызначыць, што інтрадукцыя на архіпелаг Brokey амерыканскай норкі, якая вядзе наземна-водны лад жыцця, прывяла да змяншэння колькасці гняздуючых там гаг на амаль 60%.

На іншым ісландзкім архіпелагу, астравах Purkey, вяртанне туды абарыгеннага наземнага драпежніка, пясца (Vulpes lagopus), не аказала значнага негатыўнага эфекта на папуляцыю там гагі. Навукоўцы лічаць, што галоўная прычына гэтага ў працяглай ўзаемнай эвалюцыйнай гісторыі, пад час якой гагі ‘выпрацавалі’ прыстасаванні супраць драпежніцтва пясцоў. Справа ў тым, што гагі там усё часцей гнездуюць на маленькіх астравах, куды пясцы не могуць дабрацца.

"Якасныя доўгатэрміновыя дадзеныя, на жаль, вельмі рэдкія ў экалогіі. Таму наш доступ да звестак, сабраных дзесяцігоддзі да і пасля пачатку інвазіі драпежнага інтрадуцэнта ёсць сапраўдным кладам інфармацыі для даследчыка” – сказала Fiona Rickowski, саўтар даследавання і аспірантка Freie Universität (Берлін, Германія).

Крыніца: Jón Einar Jónsson et al, Long-term data reveal contrasting impacts of native versus invasive nest predators in Iceland, Ecology Letters (2023). DOI: 10.1111/ele.14313. onlinelibrary.wiley.com/doi/10.1111/ele.14313

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самца гагі - Hanna Pomorska

 

 

На гэтую тэму:

Вынішчэнне амерыканскіх норак на астравах у Шатландыі пайшло на карысць мясцовым птушкам

Еўразвяз распачне барацьбу з інвазійнымі інтрадуцэнтамі

Еўракамісія нарэшце прыняла Спіс найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў

Драпежнікі-інтрадуцэнты і сельская гаспадарка вінаватыя ў паступовым знікненні нырка-сівака